Цэнтр для мігрантаў з'явіцца на тэрыторыі вайсковай часці Полацкага памежнага атрада

Цэнтр часовага ўтрымання для нерэгулярных мігрантаў будуецца на тэрыторыі вайсковай часці Полацкага памежнага атрада. Гэта будзе сучасны комплекс з усімі выгодамі для пражывання, паведаміў афіцыйны прадстаўнік Полацкага памежатрада падпалкоўнік Дзяніс Глебко.

Будаўніцтва цэнтра стартавала ў жніўні бягучага года ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Садзейнічанне Рэспубліцы Беларусь у вырашэнні пытанняў, звязаных з павелічэннем колькасці нерэгулярных мігрантаў». Праект фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Прадстаўніцтвам Міжнароднай арганізацыі па міграцыі ў Рэспубліцы Беларусь сумесна з Міністэрствам унутраных спраў і Дзяржаўным памежным камітэтам Беларусі. У ліку партнёраў – Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў, Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа і Беларускі рух медыцынскіх работнікаў. Асноўная мэта – падтрымаць Беларусь у распрацоўцы і рэалізацыі палітыкі і стратэгій у дачыненні да нерэгулярнай міграцыі і прадастаўлення прытулку з тым, каб наблізіцца да еўрапейскіх і міжнародных стандартаў.

У Цэнтры часовага ўтрымання для нерэгулярных мігрантаў змогуць размясціцца 35 – 40 чалавек. Запраектаваны блокі для мужчын і для жанчын. Асобна выдзелены блок для жанчын, дзяцей і сем'яў. На тэрыторыі комплексу абсталююць спартыўную пляцоўку. Завяршыць работы плануецца вясной 2021 года.

"Віцебскія весці".