Цэнтр культуры «Віцебск» падрыхтаваў шэраг канцэртаў і выстаў у рэжыме анлайн

Нягледзячы на часова прыпыненыя калектыўныя заняткі харэаграфічных, вакальных і тэатральных гурткоў, абвешчаны флэшмоб #ЦКнасувязі дазваляе выхаванцам дзяліцца відэакадрамі самастойных хатніх заняткаў у любой сацыяльнай сетцы і быць з педагогамі на сувязі штодня.

У падтрымку флэшмобу Цэнтр культуры «Віцебск» таксама запусціў серыю анлайн-канцэртаў. Сустрэчы праходзяць па пятніцах у 18.00 у прамым эфіры інстаграм-акаўнта @gck.vitebsk, эфіры захоўваюцца на YouTube-канале Цэнтра культуры «Віцебск».

24 красавіка адбудзецца анлайн-канцэрт удзельнікаў тэатра-студыі аўтарскай песні Алесі Мядзведзевай, Міхаіла Фурса, Андрэя Касалапава і Цімафея Чысцякова.

Акрамя таго, пры падтрымцы моладзевага тэатра «Кола» Цэнтр культуры запусціў у межах флэшмобу #ЦКнасувязі новы праект у жывым аўдыёфармаце «Чытаем казкі разам». Акцёры кожны вечар у 21.00 у прамым эфіры інстаграм-акаўнта тэатра https://www.instagram.com/kolesovitebsk запрашаюць разам пачытаць знакамітую і любімую дзіцячую кніжку «Стары Хаттабыч», напісаную нашым земляком Лазарам Лагіным.

24 красавіка ўпершыню адбудзецца анлайн-выстава «Мастацтва не мае межаў» студэнта факультэта падрыхтоўкі замежных грамадзян Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Бхатт Сушана. Прэзентацыя — у 16.00 у выставачнай зале «Духаўскі круглік». Арганізатар гэтага прэм'ернага анлайн-праекта Цэнтр нацыянальных культур.

Бхатт Сушан у прамым эфіры прадставіць свае працы ў індыйскім каларыце, раскажа пра крыніцы натхнення, падзеліцца ўражаннямі аб жыцці ў Віцебску.

Аўтар чакае гасцей на адкрыцці выставы ў інстаграм-акаўнце – @gck.vitebsk.

Прамая трансляцыя будзе весціся на трох мовах: рускай, англійскай і хіндзі. Падзея абяцае быць цікавай, у відэачаце да аўтара далучацца ганаровыя госці выставы — беларускі мастак, заснавальнік праект-студыі KIRINO PRADDO, аўтар ідэі і стваральнік новага жанру ў выяўленчым мастацтве FACEMONEY ILLUSION Вадзім Красоўскі, бацькі юнага Бхат Сушана, а таксама Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Індыі ў Беларусі Сангіта БАХАДУР.

Выдатную навіну паведамілі ў Цэнтры культуры «Віцебск» і для прыхільнікаў творчасці аўтара-выканаўцы, музыканта-віртуоза, літаратара Міхаіла Рубіна.

29 красавіка пляцоўка stories у instagram-акаўнце @gck.vitebsk ператворыцца ў сцэну міні-фестывалю «RUBIN-ФЭСТ». Свята камернай музыкі адбудзецца ў пяты раз, але ўпершыню анлайн. Такім чынам, ніякія знешнія абставіны не могуць перапыніць традыцыю.

Атрымлівайце асалоду ад мастацтва, не выходзячы з дома. 

"Віцьбічы".