Цэнтр культуры «Віцебск» прымае віншаванні з юбілеем
Перафразам словы паэта, міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў, які прыняў удзел у урачыстасцях, сказаў: «Мы кажам цэнтр культуры – маем на ўвазе Віцебск, кажам Віцебск – маем на ўвазе Цэнтр культуры». І працягнуў: калі ён ехаў у паўночную сталіцу, надвор'е было змрочным, пейзаж за акном уяўляў сабой чорна-белую графіку, а пераступіўшы парог Канцэртнай залы «Віцебск», Барыс Уладзіміравіч акунуўся ў шматколерную святочную атмасферу. Зрэшты, не толькі ён, але і ганаровыя госці, віцябляне, усе прысутныя на дні нараджэння ўстановы, без якой сёння немагчыма ўявіць культурнае жыццё горада, маглі не толькі ўбачыць, чым жыве яна, але і далучыцца да творчасці.
– Сімвалічна, што Цэнтр культуры быў створаны 1 студзеня. Так што я віншую вас і з 65-годдзем, і з новым годам, які ў Беларусі абвешчаны Годам культуры, – сказаў Барыс Святлоў, уручаючы ўстанове Ганаровую грамату Міністэрства культуры. У далёкім 1951-м, калі ў разбураным вайной Віцебску адкрываўся Дом культуры, у яго штаце складалася толькі 2 чалавекі. Сёння больш за 1,5 тысячы займаюцца ў розных гуртках і клубах. – Той Цэнтр культуры, які сёння ёсць, шмат у чым створаны Радзівонам Міхайлавічам Басам, які доўгія гады кіраваў установай, і пры якім зараджаліся многія знакавыя святы і фестывалі, у тым ліку «Славянскі базар», – падкрэсліў намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Церанцьеў. Ён таксама адзначыў, што для многіх ЦК «Віцебск» стаў адпраўной кропкай у вялікае мастацтва. Так, вядомы музыкант Данііл Крамер у нядаўнім інтэрв'ю прызнаўся, што менавіта на віцебскім джазавым фестывалі ён упершыню адчуў сябе прафесійным выканаўцам. З вялікай цеплынёй гавораць пра наш горад і іншыя папулярныя артысты.
Уладзімір Церанцьеў перадаў прывітанне старшыні аблвыканкама Мікалая Шарстнёва і сертыфікат на суму 1 млрд рублёў на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы. Віншаванне з 65-годдзем даслаў і старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка.
У святочны вечар на сцэне канцэртнай залы выступілі калектывы Цэнтра культуры «Віцебск», госці з іншых абласцей рэспублікі, Латвіі, Расіі, Італіі, Ізраіля і Швецыі. Апладысментамі сустракалі гледачы лаўрэата песеннага конкурсу ў рамках «Славянскага базару» Саманту Ціну. А вядомы расійскі кампазітар Кім Брэйтбург прысвяціў Віцебску прэм'еру новай песні «Старона салаўіная», якую выканаў яшчэ адзін лаўрэат Аляксей Гоман. – Цэнтр культуры «Віцебск» – гэта і філіялы, і канцэртныя залы, і фестывалі, і праекты, але ў першую чаргу – таленавітыя людзі, якія пакінулі ў нашай агульнай гісторыі часцінку сваёй душы і працягваюць працаваць на ніве мастацтва і творчасці, – сказаў перад фінальным акордам юбілейнага канцэрту генеральны дырэктар установы Аляксандр Сідарэнка. Гледачы ж выказалі свае віншаванні авацыямі, а сыходзячы з КЗ, атрымалі запрашэнні на новыя сустрэчы з творчымі калектывамі цэнтра.
Таццяна Пастэрнак, фота Антона Сцяпанішчава, "Віцебскія весці".