Цэнтр медыцынскіх турыстычных паслуг пачаў працаваць у Віцебскай вобласці

2 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Цэнтр медыцынскіх турыстычных паслуг створаны ў Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама. Цэнтр працуе на базе 2-й абласной клінічнай бальніцы і спецыялізуецца на распрацоўцы і арганізацыі лячэбных і аздараўленчых праграм у вядучых дзяржаўных клініках рэгіёна. Для кожнага пацыента на падставе яго гісторыі хваробы складаецца індывідуальная схема лячэння і на выбар прапануюцца клінікі. Пры гэтым пацыент атрымлівае медыцынскую і тэхнічную характарыстыку рэкамендаванай лячэбнай установы і папярэдні эканамічны разлік лячэння. За кожным пацыентам замацоўваецца персанальны кансультант, які суправаджае яго на працягу ўсяго часу знаходжання і дапамагае ў вырашэнні любых арганізацыйных пытанняў. Пры неабходнасці прадастаўляюцца паслугі перакладчыка. Акрамя медыцынскіх паслуг, цэнтр прапануе таксама браніраванне гасцініц, трансфернае абслугоўванне, арганізацыю пазнавальных экскурсій. Як адзначылі ва ўпраўленні аховы здароўя, у вобласці створана база для развіцця экспарту медыцынскіх паслуг. Значна абноўлена матэрыяльна-тэхнічная база клінік, набыта сучаснае дыягнастычнае і лячэбнае абсталяванне, урачы асвойваюць найноўшыя тэхналогіі лячэння, якія раней прымяняліся толькі ў навукова-практычных цэнтрах. У цяперашні час медустановы вобласці рэалізуюць 7 бізнес-планаў. Адзін з іх прадугледжвае закупку высокатэхналагічнага абсталявання коштам 90 млн. еўра для кардыялагічнага аддзялення 1-й абласной бальніцы. Унікальны комплекс для інвазівнай хірургіі акупіцца на працягу 1,5-2 гадоў дзякуючы таму, што новымі тэхналогіямі платна змогуць скарыстацца замежныя пацыенты. Пры гэтым беларускім грамадзянам такія аперацыі будуць праводзіцца бясплатна. Тэмп росту экспарту медыцынскіх паслуг у Віцебскай вобласці ў 2010 годзе ўзрос удвая ў параўнанні з 2009 годам. Экспартавана паслуг на суму больш Br1 млрд. Найбольшым попытам паслугі віцебскіх медыкаў карыстаюцца ў грамадзян Расійскай Федэрацыі, Літвы і Латвіі. Часцей за ўсё яны звяртаюцца па дапамогу да кардыёлагаў, проктолагаў, стаматолагаў і акушэраў-гінеколагаў. У 2011 на экспарце медыцынскіх паслуг Віцебская вобласць плануе зарабіць каля Br15 млрд.-0-