Цэнтр навучання і падрыхтоўкі медперсаналу адкрыецца ў Рэспубліканскай туберкулёзнай бальніцы ІК-12 у Воршы
23 сакавіка, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. Другі ў Беларусі Цэнтр навучання і падрыхтоўкі медперсаналу адкрыецца ў Рэспубліканскай туберкулёзнай бальніцы ВК-12 (г.Орша). Пра гэта паведаміла сёння на прэс-канферэнцыі кіраўнік праекта ПРААН "Падтрымка Дзяржаўнай праграмы "Туберкулёз" у Рэспубліцы Беларусь" Ларыса Савішчава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У месцах пазбаўлення волі захворванне на туберкулёз у 7-8 разоў перавышае сярэднерэспубліканскі паказчык. Таму вялікая ўвага надаецца паляпшэнню якасці процітуберкулёзнай дапамогі людзям, якія знаходзяцца ў крымінальна-выканаўчай сістэме. Важна, каб такая дапамога аказвалася кваліфікавана і своечасова, - гэтаму, безумоўна, спрыяе навучанне персаналу. Варта адзначыць, што ў рамках праекта ўжо навучана звыш 160 работнікаў крымінальна-выканаўчай сістэмы, 6 урачоў прайшлі навучанне за мяжой.
У памяшканні будучага інфармацыйна-адукацыйнага цэнтра па туберкулёзе на базе Рэспубліканскай туберкулёзнай бальніцы ВК-12 праведзены рамонт, закуплена неабходная аргтэхніка і мэбля. Дарэчы, у гэту бальніцу ўжо перададзены прэпараты першага шэрагу для лячэння 200 пацыентаў, а неўзабаве пачнецца лячэнне 100 асуджаных з мульцірэзістэнтным туберкулёзам.
Першы Цэнтр навучання і падрыхтоўкі медыцынскага персаналу адкрыўся ў студзені гэтага года на базе дзяржаўнай установы "Навукова-даследчы інстытут пульманологии і фтызіятрыі" Міністэрства аховы здароўя. Мэта - умацаваць інстытуцыянальны патэнцыял нацыянальнай процітуберкулёзнай службы і першаснай медыцынскай сеткі шляхам павышэння ўзроўню ведаў і прафпадрыхтоўкі спецыялістаў у галіне прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння туберкулёзу. Вучэбныя планы распрацаваны ў адпаведнасці з патрабаваннямі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ).
Ларыса Савішчава адзначыла, што велізарная праца ў рамках праекта ПРААН праведзена па навучанні медыцынскага персаналу навейшымі метадамі барацьбы з захворваннем. Падрыхтавана і ў бліжэйшы час выйдзе ў свет новае "Кіраўніцтва па прафілактыцы, дыягностыцы і лячэнні туберкулёзу", якое напісана ў поўнай адпаведнасці з міжнароднымі патрабаваннямі і рэкамендацыямі СААЗ.-0-