Цэнтр рускай мовы, гісторыі і культуры адкрыўся ў Полацкім дзяржаўным універсітэце

Удзельнікамі святочнага мерапрыемства сталі кіраўніцтва і супрацоўнікі ВНУ, члены дэлегацыі прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь на чале з яе кіраўніком Эдуардам Крусткалнам, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнтаў, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і іншыя ганаровыя госці.

Цэнтр размешчаны ў будынку Полацкага калегіума. Яго дзейнасць будзе накіравана на папулярызацыю рускай мовы і культуры, распаўсюджванне дакладнай інфармацыі аб нацыянальных і культурных традыцыях Расіі, беларуска-расійскай гістарычнай спадчыне. На пастаяннай аснове тут плануецца праводзіць выставы, лекцыі, інтэрактыўныя гульні, майстар-класы, дыскусіі і выязныя мерапрыемствы. Каля 800 кніг і 5 мастацкіх фотавыстаў для запуску працы цэнтру мае намер у бліжэйшы час перадаць Рускі Дом у Мінску.

Са знамянальнай падзеяй усіх прысутных павіншаваў рэктар ПДУ Алег Раманаў:

– Сённяшняе мерапрыемства стала плёнам сістэмнай працы ўніверсітэта і Рассупрацоўніцтва, якая працягвалася на рэгулярнай аснове. Нашы студэнты здабылі яшчэ адну лакацыю для атрымання якаснай адукацыі. Тут яны змогуць займацца як з выкладчыкамі, так і ажыццяўляць самастойную працу, што дазволіць ім удасканальвацца, станавіцца больш спелымі асобамі. Такім чынам, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, імкнучыся да высокай якасці адукацыі, зрабіў чарговы крок на гэтым шляху. Гэта супрацоўніцтва неабходна для нашай будучыні, для нашага выжывання. Мы не падзяляем культуры, мы іх аб'ядноўваем. У цяперашніх умовах нашы краіны могуць развівацца толькі ва ўзаемадзеянні адна з адной. А Цэнтр рускай мовы і культуры – гэта яшчэ адна пляцоўка для аб'яднання.

 


На важнасці развіцця і ўмацавання двухбаковага супрацоўніцтва падчас цырымоніі адкрыцця акцэнтаваў увагу Эдуард Крусткалн:

– Мы разглядаем цэнтр не толькі як дарогу з аднабаковым рухам. Плануем не толькі нешта перадаваць, прасоўваць новыя ідэі, якія развіваюцца ў Расіі, але і дапамагаць зацікаўленым беларусам атрымліваць тут усе неабходныя веды і інструменты. Мы будзем развівацца, і рух будзе двухбаковы.

У рамках рабочай сустрэчы кіраўнікі Прадстаўніцтва Расспрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь і Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве. Таксама для гасцей адбылася аглядная экскурсія па Полацку з наведваннем канцэрта арганнай музыкі ў Сафійскім саборы.

"СБ".