Цэнтр субкантрактацыі для малога бізнесу будзе створаны ў Віцебскай вобласці
18 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Праграма дзяржаўнай падтрымкі малога прадпрымальніцтва ў Віцебскай вобласці на перыяд 2010-2012 гады зацверджана сёння на сесіі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Праграма прадугледжвае рэалізацыю асноўных напрамкаў рэгіянальнай дзяржаўнай палітыкі ў сферы малога прадпрымальніцтва. Яна накіравана на стварэнне арганізацыйных, прававых і эканамічных умоў, якія спрыяюць дынамічнаму і ўстойліваму развіццю прадпрымальніцтва, фарміраванню рацыянальнай галіновай структуры прадпрымальніцкай дзейнасці.
У адпаведнасці з праграмай суб'ектам малога бізнесу будзе аказана фінансавая падтрымка са сродкаў абласнога бюджэту. Так, на аказанне дзяржаўнай фінансавай падтрымкі прыватнаму бізнесу ў выглядзе субсідый для пакрыцця часткі працэнтаў за карыстанне банкаўскімі крэдытамі, выдаткаў на выплату лізінгавых плацяжоў, часткі выдаткаў, звязаных з удзелам у выстаўках і кірмашах у перыяд з 2010 па 2012 гады, прадугледжваецца накіраваць Br180 млн.
Адным з асноўных напрамкаў праграмы з'яўляецца пашырэнне вытворчай кааперацыі і партнёрства ў прамысловасці паміж малымі і буйнымі прадпрыемствамі. У прыватнасці, камітэты эканомікі аблвыканкама, гаррайвыканкамаў, а таксама цэнтры падтрымкі прадпрымальніцтва, інкубатары малога бізнесу будуць акумуляваць і аналізаваць прапановы прамысловых прадпрыемстваў аб іх патрэбах у вырабе імпартазамяшчальных камплектуючых, рыхтаваць прапановы па прыцягненні прыватнага бізнесу да іх вытворчасці ў рамках вытворчай кааперацыі. Праграмай таксама прадугледжана стварэнне цэнтра субкантрактацыі, які будзе аказваць садзейнічанне ў інфармацыйным і кансалтынгавым забеспячэнні працэсаў вытворчай кааперацыі малых і буйных суб'ектаў гаспадарання.
"Прадпрымальніцтву ў вобласці дадзена зялёная вуліца", - сказаў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Ацясаў, каментуючы гэту праграму. На яго думку, яна зможа забяспечыць спрыяльныя ўмовы для ўстойлівага развіцця малога бізнесу, стымуляваць развіццё вытворчасцей і інавацыйнай дзейнасці, найноўшых тэхналогій, ствараць працоўныя месцы.
У Віцебскай вобласці дзейнічае 7,6 тыс. юрыдычных асоб, 28,8 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў. Колькасць насельніцтва, занятага ў малым бізнесе, узрасла з 50 тыс. чалавек у 2005 годзе да 82 тыс. чалавек (на 1 студзеня 2010 года). Штогод у малым прадпрымальніцтве ствараецца больш за 12 тыс. працоўных месцаў. Летась створана 18,5 тыс., у тым ліку 2,8 тыс. - у малых гарадах.-0-