Цэнтр часовага пражывання для асоб без пэўнага месца жыхарства плануецца адкрыць у Віцебску

17 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Цэнтр часовага (начнога) пражывання для асоб без пэўнага месца жыхарства плануецца адкрыць у Віцебску, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльнай падтрымкі насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Галіна Дземчанка. Праект рашэння Віцебскага гарвыканкама аб яго стварэнні ў цяперашні час праходзіць узгадненне. Удакладняюцца штатная колькасць супрацоўнікаў, парадак функцыянавання, крыніцы фінансавання. Па папярэдніх даных, цэнтр часовага пражывання размесціцца ў будынку былой вячэрняй школы па вуліцы Залатогорскай. Адначасова ў ім змогуць пражываць да 80 чалавек. Тэрмін знаходжання ў цэнтры складзе ад аднаго да шасці месяцаў. За гэты час тым, хто мае патрэбу, акажуць дапамогу ў аднаўленні страчаных дакументаў, працаўладкаванні, нетрудаздольным дапамогуць прызначыць пенсію і вызначыцца ў дамы-інтэрнаты. Акрамя таго, будзе праведзена іх медыцынскае абследаванне, пры неабходнасці прызначана лячэнне. Разам з тым рэальны шанец пачаць будаваць сваё жыццё нанова асобы без пэўнага месца жыхарства могуць атрымаць ужо зараз. З 17 верасня ў Беларусі паўсюдна мясцовымі выканаўчымі органамі ўлады вызначаны месцы рэгістрацыі асоб без пэўнага месца жыхарства. Часцей за ўсё яны размешчаны на базе органаў унутраных спраў. Тут грамадзян гэтай катэгорыі зарэгіструюць па месцы знаходжання, дапамогуць атрымаць пашпарт і праінфармуюць аб далейшых шляхах сацыялізацыі, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка ўпраўлення па грамадзянстве і міграцыі УУС Віцебскага аблвыканкама Сяргей Лапцеў.-0-