Цэнтр занятасці моладзі можа быць створаны ў Віцебскай вобласці
Цэнтр занятасці моладзі можа быць створаны ў Віцебскай вобласці. Аб сваёй новай ініцыятыве сёння паведаміў журналістам старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Тэма занятасці моладзі мяне як губернатара вельмі хвалюе", - падзяліўся Аляксандр Косінец. Ён падкрэсліў, што ў рэгіёне ствараецца парк высокіх тэхналогій, на базе буйных прадпрыемстваў арганізуюцца вучэбна-навукова-вытворчыя комплексы. "Мы павінны даць моладзі магчымасць зарабляць грошы. Неабходна стварыць цэнтр занятасці моладзі", - перакананы кіраўнік вобласці.
"Стварым базу даных з прапановай працы ў выхадныя дні, пасля заняткаў або ж па прафесіі, якой навучаюцца студэнты. Маладыя людзі павінны зарабляць грошы, адчуваць, бачыць працу, з іх павінны фарміравацца асобы. Яны не павінны хадзіць з працягнутай рукой, яны могуць і хочуць працаваць, я за гэта вельмі паважаю нашу моладзь", - сказаў Аляксандр Косінец.
Алена Ціханава