Цэнтр здароўя падлеткаў і моладзі адкрыўся ў Воршы на Дзень горада
Каманда спецыялістаў – псіхолаг, урач-валеолаг, гінеколаг і педыятр – мэтанакіраваную і плённую працу вяла, пачынаючы з 2015 года. Менавіта з гэтага часу наведвальнасць кабінета псіхолага павялічылася на 300 чалавек штогод.
Цяпер дапамогу па прынцыпе «роўны навучае роўнага» дзецям і падлеткам, апроч медыкаў і псіхолага, будуць аказваць яшчэ і іх аднагодкі-валанцёры. Гэта тыя юнакі і дзяўчаты, якія некалі прыйшлі за парадай да кіраўніка цэнтра псіхолага Святланы Гумінскай. Цяпер іх больш за 20, і колькасць жадаючых дапамагчы равеснікам знайсці адказы на няпростыя пытанні з кожным днём расце.
За апошнія месяцы выцягнуць з сетак «сіняга кіта» псіхолагу і валанцёрам удалося больш за 5 падлеткаў. Цяпер рабяты-добраахвотнікі актыўна працуюць у прышкільных і аздараўленчых лагерах. Прычым выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасці не лекцыі і дэманстрацыю тэматычных ролікаў, а трэнінгі, мультымедыйныя прэзентацыі, якія робяць самі. Ідэі распрацоўваюць і ўвасабляюць у жыццё разам з псіхолагам.
Прыходзяць жа да Святланы Гумінскай з рознымі праблемамі – узаемаадносіны з бацькамі, аднагодкамі, процілеглым полам, наступствы ранняй палавой жыцця, страхі, трывожнасць і г.д.
– Таксама звяртаюцца па дапамогу і па пытаннях прафарыентацыі, – паведаміла Святлана Гулінская. – Цяпер мы будзем дапамагаць выявіць схільнасці да прафесіі па мультыбрыгадным прынцыпе: ад урача-тэрапеўта (паказанні і супрацьпаказанні да той ці іншай працы) да псіхалагічнага тэсціравання.
4 прасторныя кабінеты з сучасным абсталяваннем, хол з мяккай мэбляй, санвузел – атрымаць медыка-псіхалагічную дапамогу і кансультацыю цяпер падвойна камфортней і даступней.
Аршанская цэнтральная паліклініка пад кіраўніцтвам Уладзіміра Плыткевіча выдзеліла пры паліклініцы і адрамантавала некалькі памяшканняў з асобным уваходам. Мэбля і абсталяванне былі закуплены па праграме і за сродкі ЮНІСЕФ. Дапамаглі і спонсары, якіх актыўна прыцягвала загадчыца дзіцячай паліклінікі Ганна Кісіс, – Оршаводаканал, прыватныя арганізацыі.
– У перспектыве гадзіны працы цэнтра будуць павялічаны, – расказала намеснік галоўнага ўрача па дзіцячай справе Альфрэда Чаргейка. – А ў другім паўгоддзі тут з'явіцца тэлефон даверу. А пакуль штодня з 8.00 да 17.00 прыём, акрамя псіхолага, будуць весці ўрач-валеолаг, гінеколаг і педыятр. Раз на месяц – дэрматаўенералог. Перавага цэнтра яшчэ і ў тым, што ў нас будзе свая, асобная ад паліклінікі справаздачнасць, усім, хто звярнуўся, гарантавана канфідэнцыяльнасць.
Вольга Лебедзева, "Віцебскія весці".