Цэнтральнае канструктарскае бюро будзе адноўлена ў Віцебскай вобласці
24 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Цэнтральнае канструктарскае бюро (ЦКБ) будзе адноўлена ў Віцебскай вобласці. Пра гэта паведаміў сёння старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец падчас наведвання выстаўкі дасягненняў 2009 года прамысловых прадпрыемстваў рэгіёна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аб'яднанне лепшых канструктарскіх сіл рэгіёна дасць новы імпульс развіццю машынабудавання і прыборабудавання ў вобласці і магчымасць больш актыўна ўкараняць у вытворчасць новыя запатрабаваныя віды прадукцыі, упэўнены старшыня аблвыканкама. З гэтай мэтай ён даручыў аднавіць ЦКБ да мая 2010 года, а таксама распрацаваць адзіную праграму развіцця канструктарскіх бюро прамысловых прадпрыемстваў Віцебскай вобласці.
Акрамя таго, каб не страціць наяўны патэнцыял, кіраўнікам прадпрыемстваў неабходна матэрыяльна стымуляваць зацікаўленасць у працы сваіх канструктараў і адзначаць іх дасягненні, падкрэсліў Аляксандр Косінец.
Пры гэтым пачатак апошняму быў пакладзены адразу пасля знаёмства з выстаўкай. Падзяка старшыні Віцебскага аблвыканкама аб'яўлена інжынеру-канструктару РВУП "Віцязь" Ігару Спірыдзёнку за распрацоўку і пастаноўку на серыйную вытворчасць тэлевізійных прыёмнікаў на вадкакрысталічнай аснове, а таксама мастаку-мадэльеру віцебскага швейнага прадпрыемства "Віцебчанка" Тамары Агацій і загадчыцы кафедры дызайну Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Галіне Казарноўскай за распрацоўку калекцый адзення з лёну. Як плануецца, ушанаванне лепшых канструктараў будзе праводзіцца ў Віцебскай вобласці штогод.
Выстаўка дасягненняў 2009 года прамысловых прадпрыемстваў Віцебскай вобласці арганізавана на базе РВУП "Віцязь". Удзел у ёй прымаюць каля 40 прадпрыемстваў рэгіёна. Гэта станказаводы "Чырвоны бальшавік", "Вістан", Віцебскі завод электравымяральных прыбораў, адкрытыя акцыянерныя таварыствы "Эвістар", "Праммашрамонт", РВУП "Маналіт", віцебскі тэлецэнтр, папяровая фабрыка "Чырвоная зорка" і іншыя. На выстаўцы вытворцы прадставілі ўзоры сваіх навінак, якія з'явіліся ў бягучым годзе.-0-