Цэнтрвыбаркам Беларусі апублікаваў каляндарныя планы парламенцкіх выбараў 2012 года

20 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў размясціла на сваім сайце два каляндарных плана – па выбарах у Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу пятага склікання, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. Згодна з планам арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў у Палату прадстаўнікоў, вылучэнне прадстаўнікоў у склад акруговых выбарчых камісій пачнецца не пазней 6 ліпеня. Вылучаць сваіх прадстаўнікоў у склад акруговых выбарчых камісій могуць палітычныя партыі і іншыя рэспубліканскія грамадскія аб'яднанні, працоўныя калектывы, грамадзяне. Для гэтага неабходна падаць заяву ў органы, якія ўтвараюць камісіі. Гэта прэзідыумы абласных, Мінскага гарадскога Саветаў дэпутатаў і абласныя, Мінскі гарадскі выканкамы. Фарміраванне акруговых камісій яны павінны завяршыць да 9 ліпеня ўключна. Не пазней 21 ліпеня ў Беларусі павінны быць утвораны ўчасткі для галасавання. Участковыя выбарчыя камісіі будуць сфарміраваны не пазней 8 жніўня. Сюды палітычныя партыі і іншыя рэспубліканскія грамадскія аб'яднанні, працоўныя калектывы, грамадзяне вылучаюць сваіх прадстаўнікоў не пазней 5 жніўня ўключна. Схема тая ж, што і ў выпадку з акруговымі камісіямі – шляхам падачы заявы. Але ўжо ў раённыя, гарадскія выканаўчыя камітэты, мясцовыя адміністрацыі, а таксама кіраўнікам дыппрадстаўніцтваў і консульскіх устаноў, калі гаворка ідзе аб участках, што ўтвараюцца за мяжой. Не пазней 10 ліпеня мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы павінны вызначыць месцы для пікетаў з мэтай збору подпісаў за кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Вылучэнне прэтэндэнтаў на дэпутацкае крэсла пройдзе з 15 ліпеня па 13 жніўня ўключна. Той, хто мае намер балатавацца ў ніжнюю палату парламента, павінен не пазней 19 ліпеня прадставіць у адпаведную акруговую выбарчую камісію спіс членаў сваёй ініцыятыўнай групы і заяву аб яе рэгістрацыі. Рэгістраваць кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў акруговыя выбаркамы будуць з 14 па 23 жніўня. Пасля гэтага на працягу двух дзён будуць выдадзены пасведчанні аб рэгістрацыі. З дня рэгістрацыі і па 22 верасня ў Беларусі стартуе перадвыбарная агітацыя. Зарэгістраваўшы кандыдатаў, акруговыя выбаркамы ўжо на наступны дзень правядуць паміж імі жараб'ёўку, каб вызначыць дату і час іх выступлення на дзяржаўным радыё і тэлебачанні. Кандыдаты ў дэпутаты, якія адкрыюць для дадатковага фінансавання сваёй выбарчай кампаніі спецыяльны рахунак у адным з падраздзяленняў ААТ "Ашчадны банк "Беларусбанк", павінны будуць рэгулярна прадстаўляць у акруговыя выбаркамы справаздачы аб паступленнях і расходах. Першую трэба будзе падаць не раней чым за 15 і не пазней чым за 10 дзён да дня выбараў – гэта значыць з 7 па 12 верасня. Выніковую справаздачу ў акруговых камісіях будуць чакаць не пазней 27 верасня. Інфармацыя аб стане выбарчых рахункаў кандыдатаў у дэпутаты будзе рэгулярна публікавацца ў СМІ. На працягу трох дзён пасля выбараў – да 25 верасня – кандыдат абавязаны будзе вярнуць нявыкарыстаныя сродкі грамадзянам і юрыдычным асобам, якія добраахвотна спансіравалі яго выбарчую кампанію. У адпаведнасці з каляндарным планам выбараў выбаршчыкаў аб часе і месцы іх правядзення апавясцяць не пазней 12 верасня. Прагаласаваць датэрмінова можна будзе з 18 па 22 верасня. На наступны дзень, 23 верасня, пройдзе асноўнае галасаванне. Паведамленні аб выніках выбараў па кожным акрузе будуць накіраваны ў друк не пазней чым на пяты дзень пасля асноўнага галасавання, гэта значыць да 28 верасня. Спіс дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў будзе апублікаваны не пазней чым у трохдзённы тэрмін з дня ўстанаўлення вынікаў выбараў. Другі тур галасавання ў выпадку неабходнасці пройдзе ў краіне не пазней 7 кастрычніка. Што тычыцца выбараў у Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі пятага склікання, то яны пройдуць з 30 чэрвеня па 30 верасня. Вылучаць кандыдатаў з 2 па 31 жніўня будуць прэзідыумы раённых, у гарадах абласнога падпарадкавання – гарадскіх Саветаў дэпутатаў і раённыя, гарадскія выканкамы, а таксама Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў і Мінскі гарвыканкам. Цэнтральная выбарчая камісія зарэгіструе прэтэндэнтаў на крэсла сенатара з 1 па 5 верасня і не пазней чым на чацвёрты дзень пасля гэтага перадасць адпаведную інфармацыю ў СМІ. Пасяджэнні дэпутатаў мясцовых Саветаў базавага ўзроўню, на якіх пройдуць выбары членаў Савета Рэспублікі, адбудуцца ў кожнай вобласці і ў Мінску з 6 па 25 верасня. Вынікі выбараў у Савет Рэспублікі будуць падведзены не пазней 5 кастрычніка. Пасля рэгістрацыі членамі Савета Рэспублікі сенатарам будуць выдадзены пасведчанні аб выбранні.-0-