Цэнтры па энергаэфектыўнасці пры школах створаны ў кожным раёне Віцебскай вобласці
7 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Цэнтры па энергаэфектыўнасці пры школах створаны ў кожным раёне Віцебскай вобласці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Сяргей Арэхаў. Ён прымае ўдзел у абласной практычнай канферэнцыі "Роля педагога ў рэалізацыі дырэктывы №3 "Эканомія і беражлівасць - галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы", якая праходзіць сёння ў Віцебску.
Паводле яго слоў, сёння навучальныя ўстановы практычна усіх раёнаў удзельнічаюць у распрацоўцы і ўкараняюць тэму энергазберажэння ва ўчасна-выхаваўчы працэс. Для гэтага ў вобласці распрацавана поўнае метадычнае забеспячэнне працэсу энергазберагаючай адукацыі і выхавання дзяцей і падлеткаў. Актуальнай задачай застаецца пошук новых форм і метадаў работы ў гэтым напрамку. Створаныя пры лепшых навучальных установах кожнага раёна цэнтры па энергаэфектыўнасці прызваны абагульняць рэгіянальны вопыт работы і садзейнічаць яго распаўсюджванню ва ўсіх школах раёна і ў цэлым па вобласці. "Цяпер стаіць задача ўцягнуць у гэту работу на якасным узроўні абсалютна ўсе ўстановы сістэмы адукацыі, неабходна аказваць настаўнікам метадычную падтрымку і падцягнуць іх да ўзроўню педагогаў-наватараў, якія працуюць у вобласці", - лічыць Сяргей Арэхаў.
Сёння метадычная скарбніца з вопыту работы педагогаў вобласці налічвае каля 500 распрацовак. Выдадзены 3 вучэбныя дапаможнікі на гэту тэму для 8-10 класаў, нядаўна выйшла ў свет вучэбны дапаможнік па энергаэфектыўнасці для пачатковай школы, куды ўвайшлі і лепшыя метадычныя напрацоўкі педагогаў рэгіёна. Акрамя таго, Віцебская вобласць першай у краіне пачала праводзіць маштабныя мерапрыемствы па энергазберажэнні - энергамарафоны.
Адной з папулярных форм работы стала арганізацыя клубнай дзейнасці сярод малодшых школьнікаў. Першапраходцам у гэтым напрамку з'яўляецца сярэдняя школа №34 Віцебска, дзе створаны клубы "Берагоша" і "Капелька". Маладыя члены клуба праводзяць своеасаблівыя рэйды, падчас якіх сочаць за выкананнем мерапрыемстваў па зберажэнні энергіі, а потым выступаюць на бацькоўскіх сходах з аналізам выяўленых недахопаў, вучаць дарослых берагчы цяпло і ваду. Вучні старэйшых класаў і ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі ўцягваюцца ў даследчую дзейнасць па праблеме энергазберажэння.
У ходзе канферэнцыі будзе абагульнены вопыт работы і метадычнага забеспячэння працэсу навучання і выхавання падрастаючага пакалення па пытаннях энергазберажэння, абазначаны далейшыя шляхі развіцця ў гэтым напрамку, адзначыў Сяргей Арэхаў. Удзельнікі мерапрыемства абмяркуюць праблемы інтэграцыі энергазберагаючай тэматыкі ў змест урокаў рознай накіраванасці, арганізацыі даследчай дзейнасці вучняў. Увазе педагогаў будуць прадстаўлены метадычныя распрацоўкі па правядзенні факультатыва "Вучымся эканоміі і беражлівасці", па арганізацыі выхаваўчага працэсу ў дашкольных установах, па прапагандзе ідэй энергазберажэння ў рабоце з грамадскасцю і бацькамі школьнікаў.
Арганізатарам канферэнцыі выступае Віцебскі абласны інстытут развіцця адукацыі.-0-