Цырымонію каранацыі абраза Браслаўскай Божай Маці ўзначаліць Архіепіскап Кёльнскі кардынал Й.Майснер

6 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цырымонію каранацыі абраза Браслаўскай Божай Маці ўзначаліць Архібіскуп Кёльнскі кардынал Ёахім Майснер. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі. Архібіскуп Ёахім Майснер будзе знаходзіцца ў нашай краіне 21-24 жніўня па запрашэнні беларускіх біскупаў. Кардынал таксама правядзе Святую Імшу ў галоўным каталіцкім храме краіны - мінскім Архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Абраз Божай Маці Браслаўскай стане першым каранованым абразом у Віцебскай вобласці. Малітвы на выпадак ускладання кароны Папы Рымскага на шанаваны абраз, які яшчэ называюць Маці Божай Уладаркай азёраў, пройдуць 21-22 жніўня ў Браславе пад дэвізам "Малітоўная сустрэча культур Каралевы азёраў". У іх праграме, акрамя традыцыйных для такой выбітнай падзеі царкоўных мерапрыемстваў, запланаваны фестывалі латышскай, літоўскай, украінскай і польскай культур. Абраз Браслаўскай Багародзіцы знаходзіцца ў алтары касцёла Нараджэння Маці Божай і адкрываецца толькі падчас набажэнстваў. У Беларусі папскімі каронамі былі каранованы шэсць абразоў Маці Божай: Берасцейскай у 1996 годзе, Будслаўскай у 1998 годзе, абраз Беззаганнага зачацця Божай Маці ў Мінску ў 2005 годзе, Кангрэгацкай у 2005 годзе, у 2007 годзе каранаваны абраз Маці Божай Гудагайскай, Тракельскі абраз Божай Маці атрымаў пацвярджэнне сваёй цудоўнасці ў 2009 годзе.-0-