Царкву ў Глыбокім будуюць з імянных цэглы
Напрыканцы восені ў Глыбокім урачыста асвяцілі месца, адведзенае пад будаўніцтва храма ў гонар Арханёла Божага Міхаіла. Манастырская царква з залатымі купаламі стане архітэктурнай жамчужынай горада і ўсяго раёна.
10 гадоў таму паблізу возера Вялікае адрадзілася старажытная Бярозвечская абіцель, гісторыя якой перапынілася ў мінулым стагоддзі. Для ўладкавання Свята-Міхайлаўскага жаночага манастыра прыехалі полацкія манашкі на чале з ігуменняй Анфісай. Неўзабаве па праекце віцебскага архітэктара Юрыя Сакалоўскага пабудавалі і асвяцілі невялікую дамавую царкву, дзе па сей час праходзяць набажэнствы.
Жыхары рэгіёна актыўна ахвяруюць грошы на будаўніцтва новай святыні, у тым ліку набываюць імянныя цэглы.
Нагадаем, што напярэдадні Дня беларускага пісьменства, сабраўшы больш за 100 млн рублёў, усяго за тры месяцы глыбачане пабудавалі храм-капліцу ў імя святога велікамучаніка і лекара Панцеляймона на месцы, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся канцлагер. Цяпер агульнымі намаганнямі будзе ўзведзена яшчэ адна царква.
Дыяна Берніковіч, "Віцебскія весці"