Лічбавае вяшчанне будзе ўводзіцца ў Беларусі паэтапна - А.Пралескоўскі

23 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі лічбавае вяшчанне будзе ўводзіцца паэтапна, паведаміў міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі ў ходзе online канферэнцыі на сайце Беларускага тэлеграфнага агенцтва.

   Пераход на "лічбу" павінен быць цалкам ажыццёўлены да 2015 года згодна з Дзяржаўнай праграмай укаранення лічбавага тэлевізійнага і радыёвяшчання, якая рэалізуецца сёння. "Пры гэтым адключэнне аналагавага вяшчання будзе праводзіцца паэтапна, каб пераход на лічбавае вяшчанне для насельніцтва не быў балючым", - адзначыў Алег Праляскоўскі.

   Прапанова Міністэрства сувязі і інфарматызацыі аб пачатку адключэння ў 2012 годзе аналагавага вяшчання абумоўлена ў першую чаргу тым, што сёння на тэрыторыі, дзе пражывае больш за 94% насельніцтва рэспублікі, ужо арганізавана вяшчанне ў фармаце DVB-T 8 тэлевізійных праграм: Першы канал, Лад, ОНТ, СТБ, НТБ-Беларусь, РТР-Беларусь, 8 канал, Мір. "Тэлепраграмы ў лічбавым фармаце транслююцца паралельна з праграмамі ў аналагавым фармаце. Для арганізацыі такой трансляцыі (у двух фарматах адначасова) марнуюцца немалыя сродкі. Гэта і паслужыла штуршком да больш актыўных дзеянняў у гэтым напрамку", - сказаў міністр інфармацыі.

   З укараненнем "лічбы" перад тэлебачаннем адкрываюцца новыя магчымасці. "Па-першае, гэта, вядома ж, паляпшэнне якасці выявы і гуку. Па-другое, з'яўляецца магчымасць прадастаўлення паслуг шматпраграмнага тэлебачання. Да прыкладу, сёння на тэрыторыі Мінскай вобласці арганізавана камерцыйнае эфірнае вяшчанне 21 тэлепраграмы ў лічбавым фармаце. У аналагавым фармаце гэта немагчыма. Так што можна смела сказаць, што Беларусь ідзе ў нагу з часам у справе ўкаранення лічбавага тэлевізійнага вяшчання", - падкрэсліў міністр.

   Пытанне пераходу ў Беларусі з аналагавага на лічбавае тэлебачанне з'яўляецца дастаткова вострым. Так, для прыёму лічбавага сігналу неабходна спецыяльная прыстаўка. Аднак сучасныя тэлевізійныя прыёмнікі, як правіла, ужо маюць убудаваны модуль для прыёму лічбавага сігналу. "На жаль, айчынныя вытворцы тэлевізійнай тэхнікі своечасова не арыентаваліся і спазніліся, на наш погляд, з асваеннем і выпускам прыёмнай апаратуры. Сёння сітуацыя выпраўляецца", - адзначыў Алег Праляскоўскі, дадаўшы пры гэтым, што вытворцы і гандаль прапануюць насельніцтву шырокі выбар сучасных мадэляў тэлевізараў і прыставак.-0-