ЦИК: з-за эпідсітуацыі колькасць назіральнікаў на выбарчых участках зменшаць
Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына прапанавала на перыяд правядзення цяперашняй выбарчай кампаніі паменшыць колькасць назіральнікаў у асноўны дзень галасавання да пяці, падчас датэрміновага галасавання - да трох. "Гаворка ідзе толькі аб прысутнасці. Акрэдытацыя назіральнікаў не спыняецца, - звярнула ўвагу кіраўнік ЦВК. - Проста на той момант, калі ўчастак для галасавання адкрываецца для арганізацыі галасавання, старшыня камісіі ажыццяўляе адбор па даце падачы дакументаў на акрэдытацыю і вызначае колькасны склад назіральнікаў. Калі хтосьці з назіральнікаў выбывае, старшыня камісіі павінен патэлефанаваць назіральніку, наступнаму па спісе, і запрасіць яго прыйсці на выбарчы ўчастак".
Яна нагадала, што Міністэрства аховы здароўя распрацавала рэкамендацыі для прадухілення распаўсюджвання рэспіраторных інфекцый (у тым ліку COVID-19) пры правядзенні галасавання на выбарах Прэзідэнта. Сярод рэкамендацый - захаванне прынцыпу сацыяльнага дыстанцыявання пры расстаноўцы сталоў і крэслаў членаў участковай камісіі, месцаў для назіральнікаў, паміж выбаршчыкамі (адлегласць не менш за 1 м).
Змены не датычацца міжнародных назіральнікаў, давераных асоб кандыдатаў у Прэзідэнты, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі, дэпутатаў мясцовых Саветаў, якія могуць назіраць у адпаведнасці са сваім статусам, а таксама зарэгістраваных СМІ. Журналісты на ўчастках для галасавання прысутнічаць змогуць.
Паводле даных на 21 ліпеня, ЦВК акрэдытаваў 29 міжнародных назіральнікаў на прэзідэнцкіх выбарах - ад Выканаўчага камітэта СНД.
Як паведамлялася, Палата прадстаўнікоў прызначыла прэзідэнцкія выбары на 9 жніўня. Паводле каляндарнага плана датэрміновае галасаванне на выбарах адбудзецца з 4 па 8 жніўня. Вынікі Цэнтрвыбаркам павінен падвесці не пазней 19 жніўня. Другі тур, калі ў ім будзе неабходнасць, па плане павінен прайсці не пазней чым у двухтыднёвы тэрмін, гэта значыць 23 жніўня.