Цикл выстаў пра партызан — ганаровых грамадзян Віцебска арганізуе музей М. Шмырова да 65-годдзя Перамогі

22 студзеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Выставачны праект, прысвечаны ганаровым грамадзянам Віцебска – удзельнікам партызанскага руху, плануе рэалізаваць Віцебскі абласны музей Героя Савецкага Саюза Міная Шмырэва да 65-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла дырэктар музея Ірына Шышкова. Першае званне ганаровага грамадзяніна Віцебска было прысвоена легендарнаму партызанскаму комбрыгу Мінаю Шмырэву ў 1964 годзе. Гэты факт падштурхнуў музейшчыкаў да вывучэння жыццядзейнасці грамадзян, чые заслугі таксама былі адзначаны прысваеннем ганаровага звання. Праект прадугледжвае арганізацыю серыі выстаў з матэрыяламі аб жыцці і баявым шляху людзей, якія ў гады вайны прынялі актыўны ўдзел у арганізацыі супраціву нямецка-фашысцкім захопнікам на тэрыторыі вобласці. "Наш музей упершыню ў выставачнай дзейнасці звяртаецца да тэмы ганаровых грамадзян Віцебска, а праект стане своеасаблівым візуальным вынікам навукова-даследчай работы нашых супрацоўнікаў", - падкрэсліла Ірына Шышкова. Першая, персанальная, выстава праекта адкрыецца ў лютым і будзе прысвечана Веры Сямёнаўне Кулагінай, якая ўзначальвала адну з груп віцебскіх падпольшчыкаў. У экспазіцыю ўвойдуць архіўныя дакументы, фотаздымкі з фондаў музея, а таксама матэрыялы з сямейнага архіва. Аўтары экспазіцыі пастараюцца не толькі прадставіць жыццёвы шлях заслужанага чалавека, але і паказаць, як складаўся лёс жанчын на вайне, якую ролю яны адыгралі ў гэты перыяд жыцця краіны, адзначыла Ірына Шышкова. У найбліжэйшых планах музея таксама арганізацыя выстаў, прысвечаных партызанскім комбрыгам Даніілу Райцаву, Міхаілу Біруліну, Мікалаю Сакмаркіну, а таксама актыўным удзельнікам партызанскага і падпольнага руху Міхаілу Цітову, Марыі Маценку і балгарыну Добрыну Дзімітраву, які ваяваў у брыгадзе Бацькі Міная і таксама ўдастоены звання ганаровага грамадзяніна Віцебска. Мемарыяльны музей партызанскага камандзіра брыгады Героя Савецкага Саюза Міная Філіпавіча Шмырэва (партызанскі псеўданім Бацька Мінай) быў адкрыты 5 ліпеня 1969 года ў дні святкавання 25-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Чатыры экспазіцыйныя залы прысвечаны розным этапам жыцця легендарнага партызанскага комбрыга. На тэрыторыі паркавай зоны плошчай каля 0,5 га ўстаноўлены скульптурны бюст Міная Шмырэва працы народнага мастака СССР Заіра Азгура, размясцілася дубовая алея, высаджаная былымі ўдзельнікамі партызанскага руху.-0-