Цымбалы і гармонь зноў збіраюць у Паставах народных выканаўцаў з розных краін

30 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Цымбалы і гармонь зноў зазвіняць у Паставах. XIII Міжнародны фестываль народнай музыкі "Звiняць цымбалы i гармонiк" урачыста адкрыецца 2 ліпеня, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела культуры Пастаўскага райвыканкама Наталля Булавінцeва. На фестывалі чакаюць гасцей - самадзейныя творчыя калектывы з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі і Польшчы. Артысты не толькі пазнаёмяць гледачоў з нацыянальным музычным мастацтвам, але і ўладкуюць конкурс калектываў і выканаўцаў на народных інструментах "Хто каго?". На думку музычных крытыкаў, пастаўскі фестываль унікальны тым, што тут гучыць як аўтэнтычная нацыянальная музыка, так і народная музыка ў яе сцэнічным варыянце, што робіць яе папулярнай у шырокага слухача. Госці фестывалю не маюць намеру абмяжоўвацца адной канцэртнай пляцоўкай у Паставах і дадуць канцэрты ў аграгарадках Пастаўскага раёна. Акрамя народных калектываў у фестывалі возьмуць удзел прафесіяналы - Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.Цітовіча, Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча, ансамбль салістаў "Класік-авангард", ансамбль "Свята" і Якаў Навуменка. Па словах Наталлі Булавінцeвай, Якаў Навуменка і ансамбль "Свята" стануць запевакамі ў велізарным хоры, які 3 ліпеня на цэнтральнай плошчы Пастаў у гонар Дня Незалежнасці выканае нацыянальны гімн. Беларускі гімн падхопяць пастаўчане і іх шматлікія госці - дэлегацыі гарадоў-пабрацімаў з Расіі, Латвіі, Літвы і Эстоніі. Удзельнікаў і гледачоў на фестывалі чакаюць выстава майстроў народных рамёстваў, наведванне славутасцей Пастаўшчыны, удзел у конкурсах і прадстаўленнях. Заключны гала-канцэрт фестывалю пройдзе 4 ліпеня. Як адзначыла Наталля Булавінцeва, цяперашні год для фестывалю "Звiняць цымбалы i гармонiк" - юбілейны. 20 гадоў таму ён упершыню прайшоў у Віцебску, затым двойчы яго прымаў Магілёў, а 17 гадоў таму цымбалы і гармонь прапісаліся ў Паставах. У 1997 годзе фестываль атрымаў статус міжнароднага.-0-