Цыркавое шоу, холі-фест, майстар-класы - у Віцебскім раёне пройдзе фестываль "Волаты Прыдзвіння"
Ужо які стаў традыцыйным фестываль збярэ больш за 350 удзельнікаў з ліку самадзейных і прафесійных артыстаў не толькі з Віцебскага раёна, але і з іншых рэгіёнаў. Вялікае творчае свята пройдзе на радзіме самага высокага чалавека ў свеце - Фёдара Махнова, які быў вядомы як віцебскі велікан. "Фестываль "Волаты Прыдзвіння" з'яўляецца ўнікальным па сваім напаўненні і адзіным падобным у Віцебскім раёне. Тут будуць прадстаўлены многія жанры мастацтва, пачынаючы ад цыркавога і заканчваючы вулічным. Фестываль праводзіцца з 2018 года, і толькі ў мінулым годзе быў адменены з-за пандэміі. На гэтым свяце гасцям і ўдзельнікам мы раскажам пра жыццё і дзейнасць Фёдара Махнова, рост якога быў па-сапраўднаму веліканскім - 2,85 м", - адзначылі ў райвыканкаме.
Вакальныя і харэаграфічныя калектывы Віцебскага раённага цэнтра культуры і творчасці парадуюць гледачоў яркімі выступленнямі. На фестывалі ўладкуюць сапраўднае цыркавое шоу і тэатралізаваныя прадстаўленні. Удзельнікі і госці феста змогуць паўдзельнічаць у конкурсах арт-аб'ектаў "Парк веліканаў і мініяцюр" на самую вялікую і самую маленькую інсталяцыі, вакальных дуэтаў "Нашы галасы" і тэматычных падворкаў "Волатаў падворак".
Ахвотныя змогуць наведаць інтэрактыўныя пляцоўкі, у арыгінальных фотазонах зрабіць маляўнічыя сэлфі на памяць, вымераць свой рост у параўнанні з віцебскім веліканом, падсілкавацца на фуд-кортэ, прайсці майстэрскія майстар-класы па розных відах народных рамёстваў і пацешыцца на атракцыёнах.