ЦТ у Віцебскай вобласці прайшло без парушэнняў

Сёлета на Віцебшчыне нікога з абітурыентаў не прыйшлося выдаляць з аўдыторыі за парушэнне парадку правядзення тэсціравання, паведамілі ў Камітэце дзяржкантролю вобласці (у 2015-м, нагадаем, двух чалавек выкрылі ў выкарыстанні шпаргалак).

Сёння ў ЦТ прынялі ўдзел 28,2 тыс. маладых людзей, якія прэтэндуюць на месцы ў ВНУ. Гэта на 300 менш, чым летась. Колькі балаў у выніку ўдалося набраць, абітурыенты, як звычайна, могуць даведацца на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў — www.rikz.unibel.by. Тыя, хто не пераадолеў пэўны бар'ер, студэнтамі не стануць. З улікам нормаў Правілаў прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы да ўдзелу ў конкурсе на ўсе формы атрымання вышэйшай адукацыі не дапускаюцца маладыя людзі, якія атрымалі:

- ад 1 да 9 балаў па рускай і беларускай мовах;

- па першым профільным прадмеце: ад 1 да 14 балаў — па матэматыцы, фізіцы, хіміі і біялогіі, ад 1 да 19 балаў — па ўсіх астатніх дысцыплінах;

- па другім профільным прадмеце: ад 1 да 9 балаў – па матэматыцы, фізіцы, хіміі і біялогіі, ад 1 да 14 балаў — па ўсіх астатніх.

Аднак такія абітурыенты маюць права ў далейшым прымаць удзел у конкурсе на ўсе формы атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Цяпер ідзе другі этап уступнай кампаніі — прыём дакументаў, здача ўступных экзаменаў па асобных дысцыплінах і залічэнне ў ВНУ. Калі ўзнікаюць спрэчныя і праблемныя пытанні, то з імі можна звяртацца ў камісіі, якія функцыянуюць у кожнай навучальнай установе. Іх старшынямі з'яўляюцца члены дзяржаўнай камісіі па кантролі, а намеснікамі старшынь — супрацоўнікі Камітэта дзяржкантролю.

Лілія Іўчанка,«Віцебскія весці». Фота з адкрытых крыніц.