Колер беларускага шотакана — у Паставах

Цвет белорусского шотокана — в Поставах

Заўсёды годна прадстаўляюць Беларусь на розных міжнародных спаборніцтвах адэпты шотокан каратэ-до. У мінулым годзе на чэмпіянаце свету ў Польшчы нашыя каратысты занялі другое агульнакаманднае месца. На гэты раз 28-29 сакавіка лепшыя спартсмены з 24 клубаў Беларускай федэрацыі шотокан каратэ-до — а гэта каля двухсот удзельнікаў з Мінска і ўсіх абласцей нашай краіны, акрамя Гомельскай, — сабраліся ў нашым горадзе на XXIII адкрытым першынстве Рэспублікі Беларусь і III рэспубліканскіх спаборніцтвах «Беларусь сінявокая». Такое стала магчымым дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва раёна і дапамозе неабыякавых людзей.

Гэтыя спаборніцтвы сталі асноўным этапам фарміравання зборнай каманды нашай краіны для выступлення на чэмпіянаце і першынстве Еўропы і еўрапейскім кохай-кубку SKDUN, які 18-19 красавіка будзе прымаць Даўгаўпілс (Латвія), і чэмпіянаце і першынстве свету WSKU, які адбудзецца 1-3 мая ў Тбілісі (Грузія).

Першынствы краіны для спартсменаў ва ўзросце 9-20 гадоў (абсалютная катэгорыя) праводзяцца Беларускай федэрацыяй шотокан каратэ-до штогод з 1992 года. Гэтыя спаборніцтвы з'яўляюцца аднымі з самых прэстыжных падзей года, таму кіраўніцтва федэрацыі імкнецца пастаянна пашыраць іх геаграфію. Акрамя Мінска, першынствы Беларусі прымалі гарады ўсіх рэгіёнаў нашай краіны: Беразіно, Бабруйск, Барысаў, Зэльва, Мазыр, Пінск, Паставы і Смалявічы.

Сёлетняя спаборніцкая праграма была шырокай і разнастайнай, таму дазваляла выступіць асобна як пачаткоўцам, так і досвечаным спартсменам усіх узростаў. У кожнай катэгорыі і ў кожным раздзеле — па ўзростах і ўзроўнях падрыхтоўкі — былі вызначаны пераможцы. Усяго першынство разыгрывалася ў 52 раздзелах праграмы.

У Паставах спаборніцтвы рэспубліканскага ўзроўню арганізуюцца ваенна-спартыўным клубам «Азимут» у трэці раз. Раней яны адбыліся тут у 2006 і 2009 (сумесна з першынством краіны) гадах.

28 сакавіка праходзілі спаборніцтвы ва ўсіх раздзелах КАТА (тэхнічныя комплексы), а 29 сакавіка — па ўсіх формах КУМІТЭ (паядынкі). Спартсмены выступалі на трох татамі, укладзеных у прасторнай і ўтульнай гульнявой зале фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Для гасцей горада ў суботу была арганізавана аглядная экскурсія на аўтобусе па гістарычным цэнтры і іншых славутасцях Пастаў.

Спаборніцтвы абслугоўвалі суддзі міжнароднай і нацыянальнай катэгорыі, сярод якіх былі старшыня Беларускай федэрацыі Андрэй Вількін і яго жонка Святлана — самая выдатная спартсменка ў гэтым відзе спорту на ўсёй тэрыторыі постсавецкай прасторы. Яна больш чым дваццаціразовая чэмпіёнка свету і Еўропы.

Сям'я Вількіных — унікальная ў сусветнай практыцы каратэ. На міжнародных спаборніцтвах у адной камандзе выступаюць і змагаюцца за самыя высокія месцы маці і яе двое дзяцей — дачка Вольга і сын Аляксей, якія таксама з'яўляюцца шматразовымі чэмпіёнамі свету і Еўропы. 1 красавіка Святлане Барысаўне споўнілася 55 гадоў, але яна поўная сіл і энергіі і не збіраецца спыняцца на дасягнутым, імкнучыся да новых перамог.

На урачыстым адкрыцці спаборніцтваў прысутнічалі прадстаўнікі раённай вертыкалі і грамадскіх аб'яднанняў. Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама А. Е. Кашырын павіншаваў прызёраў і пераможцаў завершаных раздзелаў з заслужанымі ўзнагародамі і пажадаў ім далейшых поспехаў у спорце. З прывітальным словам выступілі намеснік райваенкама Г. І. Мікуцкі і генеральны дырэктар дзяржаўнага аб'яднання «Фізкультура, спорт і турызм Пастаўскага раёна» Н. С. Рамейка.

Зборная клуба «Азімут» у складзе 28 спартсменаў не засталася без узнагарод. Ягор Кулак стаў пераможцам у індывідуальных КАТА сярод хлопчыкаў 10 гадоў, а Паліна Захарыч — сярод дзяўчынак 10 гадоў. Акрамя таго, у іншых раздзелах Паліна заваявала яшчэ два 3-я месцы. 2-е месца сярод хлопчыкаў 12-13 гадоў у індывідуальных КУМІТЭ заваяваў Мікіта Карпунін. А яшчэ ён разам з братам Дзмітрыем і Юрыем Мычко з Варапаева стаў бронзавым прызёрам у камандных КУМІТЭ сярод хлопчыкаў 12-15 гадоў. Срэбным прызёрам у індывідуальных КАТА сярод хлопчыкаў старэйшых за 13 гадоў стаў Дзмітрый Карпунін, у КУМІТЭ у сваёй узроставай групе — Літвін Ілья (10 гадоў). Такога ж выніку сярод дзяўчынак 7-9 гадоў у індывідуальных КАТА дабілася і адна з перспектыўных спартсменак «Азімута» — 8-гадовая Лізавета Ярашэвіч.

Прызёрамі таксама сталі нашы спартсмены: Аляксандра Зябчанка (9 гадоў) з Варапаева — адно 3-е і два 4-я месцы; Аляксандр Макруш (7 гадоў) — адно 3-е і адно 4-е месца; Міхаіл Мікуцкі (9 гадоў) — адно 3-е і адно 4-е месца; Аляксей Сідаровіч (11 гадоў) — два 4-я месцы; Сяргей Дубляк (10 гадоў) — адно 4-е месца; Мікіта Голяк (7 гадоў) — адно 4-е месца; Уладзіслаў Рудкевіч (13 гадоў) — адно 4-е месца.

Віншуем і жадаем далейшых поспехаў у вучобе і спорце!

Хацелася б выказаць вялікую падзяку дырэктару ТАА «Мітара» М. М. Трыкозенку і яго супрацоўнікам, кіраўніку раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ В. А. Лушчыку, генеральнаму дырэктару дзяржаўнага аб'яднання «Фізкультура, спорт і турызм Пастаўскага раёна» Н. С. Рамейку за тэхнічную і матэрыяльную дапамогу ў правядзенні спаборніцтваў. Дзякуючы такім патрыётам роднага краю ўдзельнікам спаборніцтваў і іх настаўнікам вельмі спадабалася ў Паставах.

С. СЕДЫХ, кіраўнік ваенна-спартыўнага клуба «АЗІМУТ».

Ю. ЛОЗІКЕВІЧ, карэспандэнт

«Паставы ТВ».

"Пастаўскі край"