Кветкавы дыван палачан упрыгожыў літоўскі Анікшчай

Цветочный ковер полочан украсил литовский Аникщяй

Кветкавы дыван палачан заняў трэцяе месца ў міжнародным конкурсе, які праходзіў у літоўскім горадзе Анікшчай, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Полацкім райвыканкаме.

Конкурс кветкавых дываноў у літоўскім горадзе Анікшчай быў арганізаваны ў рамках рэалізацыі праекта "Садзейнічанне развіццю турызму ў памежных рэгіёнах Латгаліі, Уцяны і Віцебска" (Бела Дзвіна-2) трансгранічнай праграмы супрацоўніцтва Латвіі, Літвы і Беларусі.

У выканкаме падкрэслілі, што кветкавыя дываны ствараліся па пэўных правілах: плошча - не менш за 15 квадратных метраў, матэрыялы - толькі прыродныя (расліны і іх часткі, пясок, камень і інш.). Акрамя гэтага, створаны фларыстычны шэдэўр павінен быць трывалым - вытрымліваць уздзеянне сіл прыроды.

Полацкі дыван з'яўляў сабой беларускі рушнік: арнамент выкананы з чырвоных гваздзік, аснова - з белых хрызантэм. Усяго ў кампазіцыі было выкарыстана больш за 1 тысячу раскрыўшыхся кветак. Над стварэннем дывана на працягу сямі гадзін працавалі 15 чалавек.

Гэты фларыстычны шэдэўр быў прызнаны адным з лепшых у намінацыі "Захаванне нацыянальнай самабытнасці і спадчыны".

У незвычайным творчым спаборніцтве прынялі ўдзел каманды з 27 гарадоў памежных рэгіёнаў Літвы і Латвіі. Беларусь на конкурсе прадстаўлялі палачане.