Цэнтар сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Віцебскага раёна атрымаў мікрааўтобус ад урада Японіі

ТЦСОН Витебского района получил микроавтобус от правительства Японии
Аўтамабіль для перавозкі людзей з абмежаванымі магчымасцямі з'явіўся ў ТЦСАН Віцебскага раёна.

У рэгіёне пражывае звыш 1600 людзей з інваліднасцю, 109 з іх – дзеці. Мікрааўтобус «Газель 3221» абсталяваны спецыяльным пад'ёмнікам для калясачнікаў, у ім зручна размешчаны сем пасажырскіх месцаў для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Навінка коштам 26 тыс. долараў набыта ў рамках праекта Тэрытарыяльнага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва Віцебскага раёна «Стварэнне безбар'ернага доступу для грамадзян пажылога ўзросту, інвалідаў і інвалідаў-калясачнікаў да аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры», які рэалізуецца па праграме ўрада Японіі «Карані травы». Яна дзейнічае ў Беларусі з 2004 года і накіравана на дапамогу людзям, пацярпелым ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

14 лістапада ў Віцебскім райвыканкаме адбылася ўрачыстая перадача мікрааўтобуса сацыяльнаму цэнтру.

– Людзям з абмежаванымі магчымасцямі трэба больш увагі, чым іншым. Цяпер будзе прасцей давезці іх у паліклініку, яны змогуць часцей бываць на культурных мерапрыемствах, – адзначыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Японіі ў Беларусі Хірокі Токунага.

Дыпламат дадаў, што пасольства і надалей будзе рэалізоўваць гуманітарныя праекты па праграме «Карані травы», каб падтрымаць жыхароў Беларусі і заўсёды адкрыта для прапаноў з усіх рэгіёнаў.

– Дзяржаўныя ўстановы Віцебскай вобласці ў адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы пашыраюць міжнароднае супрацоўніцтва. У цяперашні час распрацавана больш за 170 гуманітарных праектаў, прызваных падтрымаць людзей з інваліднасцю. Супрацоўніцтва з Японіяй працягнецца, – сказала намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Ірына Галадзюк.

"Віцебскія весці".