Турыстам на Браслаўскіх азёрах адкрыюць сцежку ў парк "Бельмонт"
12 ліпеня, Мінск /Карына Попкава - БЕЛТА/. Турыстычная сцежка "Парк Бельмант" у Браслаўскім раёне адкрыецца для турыстаў у жніўні. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага парка "Браслаўскія азёры" Наталля Архіпенка.
Схему экалагічнай сцежкі распрацоўвалі вучоныя з Нацыянальнай акадэміі навук. Маршрут уключае каля 20 прыпынкаў з лаўкамі і інфармацыйнымі стэндамі, дазваляе ўбачыць рэдкія віды раслін, у тым ліку ахоўныя разнавіднасці лішайнікаў і мохаў.
"Цяпер ужо практычна ўсё гатова, мы правялі ачыстку насаджэнняў, прыбралі сухостойныя небяспечныя дрэвы. З жніўня турыстычная сцежка "Парк Бельмант" будзе даступная турыстам", - распавяла Наталля Архіпенка.
Парк "Бельмант" быў закладзены яшчэ ў XVIII стагоддзі. У той час на яго тэрыторыі быў пабудаваны палац, які пазней належаў вядомаму роду Пляцераў. У парку захаваліся старадаўнія алеі, выдатныя паляны, сажалкі, старыя валы і равы.
У 2011 годзе спецыялісты нацыянальнага парка "Браслаўскія азёры" ўжо аднавілі экалагічную сцежку "Слабадскоўская азовая града". У савецкі перыяд яна ўжо з'яўлялася помнікам прыроды. За ёй даглядаў мясцовы калгас. Пазней пра сцежку забылі. Цяпер жа было вырашана адрадзіць гэтае месца, зрабіць яго прывабным для турыстаў. Сцежку аднавілі пры фінансавай падтрымцы фонду "Ахова прыроды".
Сама града - гэта прадукт дзейнасці апошняга паазерскага ледавіка. Асаблівасць грады заключаецца ў тым, што яна размешчана паміж двух азёр. У першую чаргу яна ўяўляе каштоўнасць як аглядная кропка азёрна-ледніковага ландшафту браслаўскага ўзбярэжжа. "На маршруце сем асноўных станцый, на кожнай з якіх ёсць інфармацыя пра гісторыю, геаграфію і геалогію, а таксама рэдкія віды жывёл і раслін", - падзяліўся інфармацыяй прадстаўнік навуковага аддзела нацыянальнага парка "Браслаўскія азёры" Іван Цесюль.
У цяперашні час нацыянальны парк "Браслаўскія азёры" працуе над добраўпарадкаваннем экалагічнай сцежкі "Гара Маяк". Усе работы плануецца завяршыць у 2013 годзе.-0-