Турыстам прапануюць праехаць уздоўж Заходняй Дзвіны "па слядах продкаў"

5 лютага, Мінск /Андрэй Асфура - БЕЛТА/. У межах беларуска-латвійскага праекта "Бела Дзвіна" распрацаваны трансгранічны маршрут "Уздоўж Заходняй Дзвіны па слядах продкаў". Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла менеджэр па сувязях з грамадскасцю праекта Марына Барысава. Працягласць маршруту - 350 км, яго можна праехаць на аўтамабілі або аўтобусе. Падарожнікам прапануюць наведаць такія гарады, як Віцебск, Бешанковічы, Полацк, Дзісна, Верхнядзвінск, Бігосава, Краслава і Даўгаўпілс. У Віцебску турысты змогуць наведаць Свята-Благавешчанскую царкву, касцёл Святой Варвары, Віцебскі мастацкі музей, Віцебскі літаратурны музей, Музей прыватных калекцый, музей Марка Шагала і арт-цэнтр Марка Шагала. У Бешанковічах падарожнікі ўбачаць палацава-паркавы ансамбль Храптовічаў (канец XVII - першая палова XIX стст.), Ільінскую царкву, Курган Славы, а ў Полацку - Сафійскі сабор, Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр, езуіцкі калегіум, Лютэранскую кірху, Чырвоны мост, Музей беларускага кнігадрукавання, будынак былога езуіцкага калегіума, а таксама Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер'я. У Дзісне - самым старажытным населеным пункце Мёрскага раёна і самым маленькім горадзе Беларусі - падарожнікаў павязуць на востраў Стэфана Баторыя, Стогадовы мост і ў Васкрэсенскую царкву XIX стагоддзя. У Верхнядзвінску можна будзе наведаць абеліск памяці вайны 1812 года, мемарыяльны комплекс ахвярам фашыстаў, храм Свяціцеля Мікалая Цудатворца і касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі, у Бігосава - незвычайны будынак чыгуначнага вакзала. У Латвіі турысты заедзяць у горад П'едруя, дзе пройдуць па П'едруйскай сцежцы ў даліне Дзвіны, багатай на рэдкія, ахоўныя расліны і жывёл, а таксама помнікі гісторыі. Затым падарожнікі перамесціцца ў горад Краслава, які можа пахваліцца Краслаўскім рымска-каталіцкім касцёлам, замкам графа Платера і музеем гісторыі і мастацтва. У латвійскім парку "Daugavas loki" можна будзе ўбачыць аглядную вежу Васаргелішкі, этнаграфічную стараабрадскую вёску Слуцішкі, старажытнае гарадзішча Вецпілс, руіны Дзінабургскага замка і Наўенскі музей краязнаўства. Нарэшце, у Даўгаўпілсе турыстам прапануюць наведаць гістарычны цэнтр горада, Даўгаўпілскую крэпасць, гарадскі краязнаўчы і мастацкі музей, помнік Паўлу Дуброўіну, Сонечны гадзіннік і Рускі дом.-0-