Турыстычны квартал плануюць узвесьці ў Глыбокім да Дня беларускага пісьменства ў 2012 годзе

21 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Турыстычны квартал збіраюцца ўзвесці ў Глыбокім да Дня беларускага пісьменства ў 2012 годзе, расказала карэспандэнту БЕЛТА выконваючая абавязкі дырэктара Глыбоцкага турысцка-інфармацыйнага цэнтра Ала Верцінская.

  Глыбокае - адзін з найпрыгажэйшых райцэнтраў Віцебскай вобласці з багатай гісторыяй, аднак яго турыстычны патэнцыял да гэтага часу не выкарыстоўваецца поўнасцю. Як правіла, турысты прыязджаюць у Глыбокае транзітам па шляху ў знакамітую вёску Мосар або на Браслаўшчыну. А між тым у цэнтры горада на плошчы 17-га Верасня захаваліся дамы пабудовы XIX - пачатку ХХ стагоддзяў і помнікі дойлідства - кафедральны сабор Раства Прасвятой Багародзіцы і касцёл Святой Тройцы. На гэтай плошчы знаходзіліся дамы, у якіх нарадзіліся і правялі першыя гады свайго жыцця польскі пісьменнік Тадэуш Даленга-Моставіч і авіяканструктар Павел Сухі.

  Глыбоцкі райвыканкам распрацаваў праект, які прадугледжвае стварыць на плошчы 17-га Верасня турыстычны квартал. Тут размесцяцца аўтастаянка для аўтобусаў, сувенірныя лаўкі, рэтракафэ, музеі вядомых землякоў, турысцка-інфармацыйны цэнтр. Па папярэдніх разліках, кошт праекта складзе каля Br10 млрд., прычым толькі пятая частка затрат ляжа на мясцовы бюджэт. Астатнія сродкі плануецца прыцягнуць за кошт інвестараў. Напрыклад, у старадаўніх дамах можна было б адкрыць фірменныя крамы глыбоцкіх прадпрыемстваў - малочнакансервавага завода і мясакамбіната.

Ала Верцінская адзначыла, што праект знайшоў падтрымку ў міністэрствах культуры і спорту і турызму, якія акажуць метадычную і арганізацыйную дапамогу раёну.-0-