Турыстычны патэнцыял Браслаўскага раёна неабходна актыўна развіваць – Наталля Качанава
Па словах кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта,
сёння Беларусь мала зарабляе на турызме з-за недастатковай
дасведчанасці аб нашай краіне за мяжой. "Разам з тым вазьміце II
Еўрапейскія гульні: якія цудоўныя водгукі засталіся аб іх ад усіх, хто наведаў.
Яшчэ адна ўнікальная падзея - маючы адбыцца лёгкаатлетычны матч ЗША-Еўропа.
Наймоцныя каманды спартсменаў прыедуць да нас. Шмат у чым гэта абумоўлена
спакоем, парадкам у Беларусі. А між тым гэта грошы і папулярызацыя
іміджу краіны!" - адзначыла Наталля Качанава. На яе думку, Браслаўскі
раён з яго ўнікальнай па прыгажосці прыродай таксама валодае велізарным патэнцыялам
у сферы турызму. "У гэтым заключаецца адна з ключавых кропак росту раёна,
вакол якой варта будаваць сур'ёзны план развіцця іншых сфер: развіваць
сучасную камфортную інфраструктуру з аб'ектамі грамадскага харчавання,
адпачынку, сельскага экотурызму, падцягваць экспарт медыцынскіх паслуг, прыцягваць
інвестараў. У вас ёсць магчымасць зарабляць, прыносіць прыбытак раёну,
вобласці, усёй краіне", - перакананая Наталля Качанава.
Асобную ўвагу кіраўнік Адміністрацыі
Прэзідэнта завастрыла на неабходнасці наладжвання шырокага інфармавання аб
магчымасцях і турыстычных прапановах Браслаўшчыны праз розныя крыніцы
і зацікаўленыя структуры, у тым ліку замежныя.
У якасці станоўчага прыкладу яна
прывяла працу арганізатараў фестывалю Viva Braslav. "Інфармацыя з
запрашэннем на гэты фестываль за паўгода гучала паўсюль", - адзначыла
Наталля Качанава. Вынік заканамерны: сёлета спартыўна-музычны
оўпэн-эйр наведалі 26 тыс. чалавек. Столькі ж турыстаў пабывалі за ўвесь 2018
год у гасцініцах, аздараўленчых арганізацыях і аграсядзібах раёна.Апошніх на Браслаўшчыне налічваецца 300, гэта палова ўсіх аграэкасядзіб Віцебскай вобласці. І іх, на думку Наталлі Качанавай, тут павінна быць больш. Самую высокую ацэнку яна таксама дала праекту, рэалізаванаму райвыканкамам з ТАА "Кітайска-Еўрапейская Культура "Цзіньжэнь", па прасоўванні інфармацыі аб Браслаўскім раёне ў Кітаі. Разам з тым аб недахопе інфармавання ўнутры Беларусі аб магчымасцях раёна паказальна сведчыць наступны факт. Некалькі гадоў таму для прыцягнення інвестараў распараджэннем кіраўніка дзяржавы было ўзгоднена прадастаўленне 100 зямельных участкаў на тэрыторыі раёна для размяшчэння аб'ектаў турыстычнай сферы, у тым ліку аграэкатурызму. У цяперашні час толькі пяць з іх апынуліся запатрабаваныя. "Ёсць над чым працаваць. Самае галоўнае - бачыць мэту, да якой трэба імкнуцца", - падкрэсліла Наталля Качанава.
Акрамя таго, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі акцэнтавала ўвагу на неабходнасці падцягваць усе сферы: "Эканоміка - аснова ўсяго: будзе яна, будуць і магчымасці вырашаць іншыя задачы, якія стаяць перад вамі па сацыяльных аб'ектах, будаўніцтве і іншых напрамках".