Турыстычны праект "Відзы-сіці" будзе прадстаўлены на міжнароднай канферэнцыі ў Браславе

29 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Турыстычны праект "Відзы-сіці" будзе прадстаўлены на II Міжнароднай канферэнцыі па трансгранічным супрацоўніцтве і развіцці інвестыцыйнай дзейнасці ў Браславе, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Браслаўскім райвыканкаме. Канферэнцыя прызвана пазнаёміць яе ўдзельнікаў з эканамічным патэнцыялам Браслаўскага раёна. У прыватнасці, гасцям будуць прадстаўлены інвестыцыйныя праекты па стварэнні турыстычнай інфраструктуры "Відзы-сіці", разгледжана прывабнасць Браслаўскага раёна як курортнай зоны. Міжнародная канферэнцыя прымеркавана да семінара "Перспектывы трансгранічнага супрацоўніцтва ў еўрарэгіёне "Азёрны край", які пройдзе ў Браславе з 30 верасня па 2 кастрычніка. На ім будзе прэзентаваны праект "Садзейнічанне трансгранічнаму супрацоўніцтву ў рамках еўрарэгіёна "Азёрны край". Удзельнікі семінара таксама пазнаёмяцца з магчымасцямі выкарыстання праграм трансгранічнага супрацоўніцтва ЕС для садзейнічання сацыяльна-эканамічнаму развіццю рэгіёнаў. Найбольш паспяховыя практыкі беларуска-латвійска-літоўскага супрацоўніцтва таксама будуць прадстаўлены грамадскасці. Свой удзел у семінары і канферэнцыі пацвердзілі прадстаўнікі прыгранічных раёнаў Беларусі, Літвы, Латвіі і Расіі. -0-