Турыстычны злёт збярэ ў Сенненскім раёне моладзевыя каманды рэгіёнаў Віцебскай вобласці
16 чэрвеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Турыстычны злёт збярэ ў Сенненскім раёне каманды моладзі з усіх рэгіёнаў Віцебскай вобласці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Валерый Кунашка.
Мерапрыемства стартуе 18 чэрвеня. На працягу трох дзён 27 каманд-удзельніц, у складзе кожнай з якіх будзе па 25 чалавек, будуць спаборнічаць у тэхніцы горна-пешаходнага, веласіпеднага і воднага турызму. Таксама ім трэба будзе пазмагацца ў конкурсах мастацкай самадзейнасці, турыстычнага побыту і навыкаў, газет, віктарыне па гісторыі Віцебскай вобласці перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Пераможцы будуць вызначаны ў асобных відах шматбор'я і агульным заліку.
Турзлёт праводзіцца з мэтай патрыятычнага выхавання, арганізацыі вольнага часу і ўмацавання здароўя моладзі, прапаганды здаровага ладу жыцця. Яго арганізатарамі выступаюць упраўленне фізічнай культуры, спорту і турызму і аддзел па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама.-0-