Турысты ўпершыню змогуць дакрануцца да велікодных традыцый Пастаўшчыны

20 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Велікодныя традыцыі Пастаўшчыны ўпершыню апынуцца ў цэнтры ўвагі турыстаў. Незвычайны тур у дні святкавання найвялікшага свята хрысціян арганізуе Пастаўскі цэнтр турыстычных паслуг, расказаў карэспандэнту БЕЛТА яго дырэктар Ягор Шушкевіч. Турыстам прапануюць наведаць унікальныя культавыя помнікі архітэктуры. Напрыклад, Траецкі касцёл у вёсцы Дунілавічы адзіны ў Беларусі, дзе знаходзіцца двух'ярусны ступеньчаты алтар. Тут захоўваецца цудатворны, як лічаць вернікі, абраз Маці Божай Лаарэтанскай. У вёсцы Манькавічы стаіць эклектычная Свята-Успенская царква, пабудаваная ў 1855 годзе. Візітнай карткай Пастаў па праву лічыцца найпрыгажэйшы касцёл Святога Антонія Падуанскага. На гэты раз касцёл абяцае здзівіць сваім зборам абрадавых прадметаў, пра якія могуць марыць іншыя музеі. Сярод экспанатаў ёсць дароносца, вырабленая ў 1663 годзе. Знаёмствам з архітэктурнымі помнікамі тур не абмяжуецца, бо Вялікдзень - радаснае і доўгачаканае свята, якое ўпрыгожана векавымі народнымі абрадамі і павер'ямі. Катанне яек і біткі, велічальныя песні і этнадыскатэку падрыхтавалі для гасцей арганізатары. Зразумела, не абыдзецца і без традыцыйнага для Вялікадня пачастунку - яек і кулічоў. Кулічыкі спякуць майстрыхі народнага клуба нацыянальнай кухні, гульні і абраду "Традыцыя", а вось яйкі для пачастунку турыстаў знясуць не толькі куры, але і страусы. Як адзначыў Ягор Шушкевіч, пры распрацоўцы тура ўлічваліся рэлігійныя традыцыі каталікоў і праваслаўных. У Вялікую суботу па Грыгарыянскім (11 красавіка) і Юліянскім (18 красавіка) календарах гасцей чакае поснае меню і наведванне касцёла ці царквы. Ну а ў свята Нябеснага Уваскрасення 12, 19, 25, 26 красавіка турысты пазнаёмяцца з усімі велікоднымі традыцыямі Пастаўшчыны.-0-