Турмаршруты і інавацыі ў дрэваапрацоўцы прадставіць Віцебская вобласць на рэспубліканскім экафоруме
17 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Прэзентацыю турыстычных маршрутаў на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях і інавацыі ў дрэваапрацоўцы прадставіць Віцебская вобласць на выстаўцы "Сучасныя тэхналогіі ў галіне рацыянальнага прыродакарыстання і аховы навакольнага асяроддзя" у Брэсце, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА галоўны спецыяліст Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Таццяна Ясюліна.
Выстаўка, прысвечаная Міжнароднаму году лясоў, пройдзе падчас фіналу IX Рэспубліканскага экалагічнага форуму. Ад вобласці на яе дэлегаваны сем прадпрыемстваў і арганізацый: Віцебскае дзяржаўнае вытворчае лесагаспадарчае аб'яднанне, Бярэзінскі біясферны запаведнік, нацыянальны парк "Браслаўскія азёры", Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж, Полацкі прырода-экалагічны музей, Полацкі дзяржаўны лясны каледж, ААТ "Віцебскдрэў".
Навучальныя ўстановы прадэманструюць методыкі работы па экалагічным выхаванні навучэнцаў. Запаведнік і нацпарк прадставяць новыя "зялёныя" турыстычныя маршруты. Вялікую экспазіцыю сваіх вырабаў рыхтуе ААТ "Віцебскдрэў". На стэндзе прадпрыемства будуць паказаны вырабы з драўніны, вырабленыя па новых тэхналогіях, а таксама вырабы з адходаў дрэваапрацоўкі.
У фінале IX Рэспубліканскага экалагічнага форуму, які пройдзе ў Брэсце 26-28 жніўня, прымуць удзел каля 350 дэлегатаў, уключаючы прадстаўнікоў прыродаахоўных службаў краін блізкага і далёкага замежжа, органаў дзяржаўнага кіравання, грамадскіх аб'яднанняў, міжнародных арганізацый, сродкаў масавай інфармацыі. -0-