Турнір па бальных танцах у Віцебску збярэ каля 800 удзельнікаў з Беларусі і Расіі

7 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Адкрыты міжнародны турнір "Танцавальны экспрэс" па спартыўных бальных танцах пройдзе 11 і 12 снежня ў Віцебску. Пра гэта паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Культурна-спартыўным цэнтры Віцебскага аддзялення БЧ, на базе якога адбудзецца турнір. Удзельнікамі спаборніцтва стануць каля 800 танцораў з розных рэгіёнаў Беларусі і Расіі, якія будуць выступаць у 21 намінацыі ў залежнасці ад узросту і прафесіяналізму. Самым юным бальнікам усяго па 4-5 гадоў, а ўзрост дарослых удзельнікаў не абмяжоўваецца, бо выступаць будуць і пары, якія займаюцца на базе аматарскіх клубаў і гурткоў. Праграма спаборніцтваў уключае еўрапейскія і лацінаамерыканскія танцы. Лепшых вызначыць прафесійная судзейская калегія. Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Культурна-спартыўны цэнтр Віцебскага аддзялення БЧ, Беларуская федэрацыя танцавальнага спорту і Чыгуначны РК БРСМ Віцебска.-0-