Турнір на Кубак Саюзнай дзяржавы адыгрывае важную ролю ў папулярызацыі валейбола - Б.Батура

25 жніўня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Правядзенне XIV Міжнароднага турніру на Кубак Саюзнай дзяржавы і прызы РВУП "Віцязь" мае вялікае значэнне для папулярызацыі валейбола і ў цэлым для фарміравання здаровага ладу жыцця. Такое меркаванне ў гутарцы з журналістамі выказаў старшыня Беларускай федэрацыі валейбола Барыс Батура. Ён прыняў сёння ўдзел у цырымоніі адкрыцця спаборніцтваў на арэне Цэнтральнага спартыўнага комплексу ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "У Віцебску сабраліся наймацнейшыя спартсмены Беларусі і Расіі, паглядзеўшы на гульню якіх, неспадзявана ўзнікае жаданне гуляць у валейбол", - сказаў Барыс Батура. Такія віды спорту, як валейбол, даступныя для шырокіх слаёў насельніцтва, тым больш што ў краіне сёння актыўна развіваецца спартыўная інфраструктура, у тым ліку ў аграгарадках. І турніры такога ўзроўню адыгрываюць важную ролю ў прасоўванні ідэі актыўнага ладу жыцця, увасабляючы на практыцы дзяржаўную палітыку, падкрэсліў Барыс Батура. Сёлета галоўны прыз турніру разыграюць восем каманд. У Віцебск сабраліся чэмпіён суперлігі Расіі 2009 года, пераможца еўрапейскай Лігі чэмпіёнаў-2008 "Зеніт" (Казань), пераможца Кубка ЕКВ 2009 года, сяміразовы чэмпіён Расіі і двухразовы пераможца еўрапейскай Лігі чэмпіёнаў "Лакаматыў - Белагор'е" (Белгород), неаднаразовы прызёр расійскіх і еўрапейскіх спаборніцтваў "Іскра" (Адзінцова), а таксама "Лакаматыў-Ізумруд" (Екацярынбург) і "ГУУУБ - Дынама" (Краснадар). Беларусь на турніры прадстаўляюць двухразовы чэмпіён краіны і ўладальнік Кубка Беларусі 2008 і 2009 гадоў "ГВК-Металург" са Жлобіна, "Будаўнік" (Мінск) і віцебскі клуб "Марка", неаднаразовы пераможца нацыянальных чэмпіянатаў і Кубка Беларусі. На першым этапе валейбалісты вызначаць наймацнейшых у дзвюх падгрупах, а затым па выніках вочных паядынкаў стануць вядомыя пераможца і прызёры спаборніцтваў. Трэці раз традыцыйны турнір праводзіцца пад эгідай Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, які заснаваў прызавы фонд у памеры 250 тыс. расійскіх рублёў. Акрамя галоўнага прыза ад Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы лепшыя каманды, трэнеры і спартсмены ўвязуць з Віцебска каштоўныя прызы ад РВУП "Віцязь". Завершыцца турнір 30 жніўня. Яго арганізатарамі выступаюць Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы, аблвыканкам, гарвыканкам і РВУП "Віцязь".-0-