Турнір па пляжным футболе ў Віцебску ўключаны ў афіцыйны каляндар ФІФА

Турнир по пляжному футболу в Витебске включен в официальный календарь ФИФА

Шосты міжнародны турнір па пляжным футболе "Кубак дружбы" на прызы аблвыканкама і Асацыяцыі "Федэрацыя пляжнага футбола" у Беларусі (АПФФ) пройдзе ў Віцебску 24-26 ліпеня. Упершыню спаборніцтвы ўключаны ў афіцыйны каляндар ФІФА і арганізуюцца пад яе эгідай, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня АПФФ Аляксей Сычоў.

Акрамя зборнай Беларусі ў Віцебск прыедуць каманды з Турцыі, Эстоніі, Ірана. Апошняя ўваходзіць у пяцёрку наймацнейшых у свеце, ёю кіруе адзін з самых тытулаваных спецыялістаў - бразілец Марка Актавіа.

На першым этапе ўдзельнікі правядуць матчы ў адзін круг. Затым дзве дружыны, якія набралі найбольшую колькасць ачкоў, разыграюць галоўны прыз, а іншы дуэт вызначыць трэцяга прызёра спаборніцтваў.

"Правядзенне турніру пад эгідай ФІФА для нас вялікі гонар, а, з іншага боку, і вялікая адказнасць, бо дыктуе зусім іншы падыход да арганізацыі, бо кожны нюанс - ці то афармленне стадыёна, сцэнарый, судзейства - патрабуе ўзгаднення з адказнымі прадстаўнікамі міжнароднай федэрацыі, якія спецыяльна прыбудуць у Віцебск", - адзначыў Аляксей Сычоў.

У праграме спаборніцтваў - таварыскі матч паміж зборнымі свету і зорак беларускага футбола і шоу-бізнесу. Пасля гэтага паядынку адбудзецца канцэрт з удзелам папулярных айчынных музыкантаў. Беларускія футбалісты збіраюцца наведаць адну з віцебскіх спортшкол, дзе правядуць майстар-клас і падораць спартыўны інвентар.

Сёлета ўсе матчы турніру запланаваны да паказу па тэлеканале "Беларусь 5", дадаў Аляксей Сычоў.