Туроператары запрасілі фатографаў сфармаваць прывабны турыстычны імідж Віцебска

28 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Фотамайстроў, аматараў і прафесіяналаў, запрашаюць сфарміраваць прывабны турыстычны імідж Віцебска. Фотаконкурс "Адкрый для сябе Віцебск" стартаваў сёння ў абласным цэнтры, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Віцебскага гарвыканкама Дзмітрый Скарынкін. Конкурс закліканы сфарміраваць уяўленне пра Віцебск як пра месца, прывабнае для турыстаў, садзейнічаць рэкламе турыстычных магчымасцей горада і прыцягнуць увагу гараджан да яго гісторыі і культуры. На разгляд будуць прымацца фотаздымкі відаў горада, цікавых мясцін, славутасцей, запамінальных прыгожых ракурсаў сімвалаў абласнога цэнтра. Арганізатарамі творчага спаборніцтва выступаюць гарадскі аддзел фізічнай культуры, спорту і турызму, кафедра дызайну Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, адзін з прыватных інтэрнэт-парталаў. Ідэю гэтага творчага спаборніцтва падказалі мясцовыя туроператары, расказаў Дзмітрый Скарынкін. Займаючыся арганізацыяй уязнога турызму, турфірмы сутыкнуліся з недахопам якасных, неардынарных здымкаў з відамі горада. Фотаздымкі, якія ёсць у іх распараджэнні і выкарыстоўваюцца ў буклетах, ужо не адлюстроўваюць сапраўднага старажытнага горада, які прыкметна пераўтварыўся за апошнія два гады. Па ўмовах конкурсу, аўтары могуць да 5 мая бягучага года дасылаць здымкі на сайт, дзе будзе праходзіць адкрытае галасаванне. Па яго выніках будуць выбраны фотаздымкі, якія набралі найбольшую колькасць галасоў, сярод якіх прафесійнае журы вызначыць пераможцаў. Узнагародай за першае месца стане турыстычная паездка ў Санкт-Пецярбург, за другое - лічбавы фотаапарат, за трэцяе – флешназапамінальнік. Прызёраў таксама чакае нямала прызоў ад спонсараў. Акрамя таго, 50 лепшых здымкаў стануць асновай фотавыставы пра горад, а таксама сфарміруюць інтэрнэт-архіў фотавідаў Віцебска, якім бясплатна змогуць карыстацца ўсе ахвотныя. У сувязі са скасаваннем ліцэнзавання на турыстычную дзейнасць у Віцебску ўзрасла колькасць прыватных кампаній, якія жадаюць займацца ўязным турызмам, падкрэсліў Дзмітрый Скарынкін. Толькі за апошнія паўгода колькасць турфірм павялічылася на 10 і склала 44. У 2010 годзе ў горадзе аказана турыстычных паслуг на суму Br13,2 млрд., што на 29,5% больш, чым у 2009-м. Пры гэтым тэмп росту экспарту турыстычных паслуг, які характарызуе аб'ёмы ўязнога турызму, дасягнуў 150%. Па дадзеных за студзень бягучага года, тэмп росту экспарту турыстычных паслуг склаў 170%. -0-