Турызм і аздараўленне стануць фішкай новага аддзялення дзённага знаходжання для пажылых у Паставах
Турызм і аздараўленне стануць фішкай новага аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, якое адкрываецца сёння ў Паставах. Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Пастаўскага райвыканкама Пётр Курто.
Адкрыццё аддзялення тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (ТЦСАН) прымеркавана да Міжнароднага дня пажылых людзей. Пётр Курто акцэнтаваў увагу на трох асноўных напрамках работы падраздзялення: адукацыйныя паслугі, дасугавыя і аздараўленчыя. Напрыклад, своеасаблівай фішкай стане прапанова для турыстаў. Пажылыя падарожнікі змогуць па сацыяльным тарыфе аплаціць пражыванне на працягу 3-5 дзён у двухмесным гасцявым пакоі, карыстацца аздараўленчымі паслугамі аддзялення. А таксама, па жаданні, ім будзе прапанавана экскурсійнае абслугоўванне па раёне з наведваннем філіяла ТЦСАН у горпасёлку Лынтупы для навучання скандынаўскай хадзьбе. "Аздараўленчыя паслугі - гэта і трэнажорная зала, і кабінет медсястры, якая робіць усе віды масажу, і пакой рэлаксацыі з масажным крэслам, музычнай і араматэрапіяй. Асобна ідзе блок водных працэдур: жамчужная ванна з гідрамасажам, душ і ванначкі для ног. Таксама плануецца правядзенне работнікамі прыватнага салона прыгажосці майстар-класаў па доглядзе за тварам і целам ", - адзначыў Пётр Курто.
Адукацыйныя паслугі ўключаюць працу камп’ютарнага класа, дзе ў рамках сумеснага праекта з Беларусбанкам пажылых будуць навучаць карыстацца інтэрнэт-банкінгам. Асноўным месцам адпачынку стане актавая зала, дзе будуць праходзіць рэтра-вечарыны, вечары знаёмстваў, рэпетыцыі і канцэрты мясцовага хору ветэранаў вайны і працы. "Цэлы год спатрэбіўся, каб рэканструяваць выдзелены пад аддзяленне стары будынак. На будаўнічыя работы, рамонт і добраўпарадкаванне, закупку абсталявання было затрачана Br1 млрд 2,6 млн, з якіх Br631,5 млн - сродкі пазабюджэту. Бюджэтнае фінансаванне склала Br143 млн, спонсарская дапамога - Br125,2 млн. І яшчэ Br102,9 млн выдзелена з Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва на грамадскія аплачваемыя работы. Ажыццяўлялася азеляненне тэрыторыі, пасадка пладова-ягадных плантацый: яблыкаў, груш, чарніц, парэчак і іншых. Ураджай будзе выкарыстоўвацца ў рабоце клуба "Гаспадынька", фітабара і для правядзення масавых мерапрыемстваў у аддзяленні.
У цэлым, тут будзе развітая традыцыйная для аналагічных аддзяленняў па вобласці гуртковая і клубная дзейнасць", - дадаў Пётр Курто. Як растлумачыла начальнік упраўлення сацыяльнай падтрымкі насельніцтва і стацыянарных устаноў камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Вера Астапенка, пасля ўступлення ў сілу ў 2013 годзе новай рэдакцыі закона аб сацыяльным абслугоўванні паўсюдна пачалі з'яўляцца новыя віды і формы паслуг. "Аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых грамадзян сталі аднымі з найбольш запатрабаваных, паколькі яны адкрываюць перад людзьмі старэйшага ўзросту з актыўнай жыццёвай пазіцыяй новыя магчымасці. У Віцебскай вобласці такіх аддзяленняў больш, чым дзе-небудзь яшчэ ў рэспубліцы. Аддзяленне ў Паставах стала 22-м, а да канца года яны адкрыюцца ў кожным раёне. І, што немалаважна, многія з іх нацэлены на ажыццяўленне комплексу рэабілітацыйных паслуг. Аддзяленне ў Паставах якраз такое", - заключыла Вера Астапенка.
Кацярына Князева, БЕЛТА.