Творчая лятучка рэдакцый дзяржаўных СМІ адбылася на базе гарадской газеты «Наваполацк сёння»
Аб рабоце выдання ў сучасных умовах, дасягненнях у творчасці і эканамічным складніку распавёў галоўны рэдактар газеты «Наваполацк сёння» Мікалай Раманоўскі, а таксама быў прадэманстраваны фільм пра жыццё калектыву, што дало магчымасць пераканацца: газета аўтарытэтная ў сваім рэгіёне.
Затым галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама і абласная арганізацыя прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму падпісалі Пагадненне аб супрацоўніцтве.
Цікавым і пазнавальным было выступленне галоўнага спецыяліста галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Святланы Дзядзінкінай. Ішла размова пра тое, як прыцягваць увагу чытачоў магчымасцямі дызайну і вёрсткі так, каб матэрыял хацелася прачытаць, як трэба выкарыстоўваць на старонках газеты фотаздымкі. Усё падносілася на канкрэтных прыкладах.
Святлана Дзядзінкіна акцэнтавала ўвагу на тым, што, акрамя афармленчых падыходаў, загалоўкаў, рубрык, зместу матэрыялаў, важным складнікам поспеху з'яўляецца ўзровень крытычнасці выдання.
Зроблены агляд, як рэдакцыі справаздачаць перад Дзяржкантролем згодна з Указам Прэзідэнта №630 «Аб рэагаванні службовых асоб на крытычныя выступленні ў дзяржаўных СМІ». Адзначаны газеты, дзе ў крытычных матэрыялах выяўляюцца недахопы ў розных сферах, а таксама, дзе падобныя матэрыялы адсутнічаюць наогул. Пастаўлены задачы перад кіраўнікамі СМІ выкарыстоўваць сучасныя
падыходы ў дызайне, вёрстцы, удзяляць увагу ўсім момантам, якія хвалююць людзей, не забываць пра чалавека працы, часцей рыхтаваць публікацыі журналісцкіх расследаванняў, не абыходзіць увагай праблемы і недахопы.Былі таксама прааналізаваны інтэрнэт-рэсурсы сродкаў масавай інфармацыі. Галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення Вольга Булавка сцвярджала, што навіна ў Інтэрнэце жыве да апошняга каментарыя, і дала шэраг парад, як запаўняць сайты, як падаваць навіны, напаўняць рознымі сэрвісамі, вылучаць самае важнае.
Яна пераканана, што неабходна развіваць мультымедыйную інфарматыўнасць, прымяняць новыя тэхнічныя прыёмы.
Затым журналісты пабывалі ў рэдакцыі «Наваполацк сёння». Памяшканні перададзены заснавальнікам ва ўласнасць калектыву. Кожны супрацоўнік мае свой кабінет, аснашчаны па апошнім слове тэхнікі. Ужо па гэтым можна меркаваць, наколькі заснавальнік шануе сваю газету.
Удзельнікі творчай летучкі пабывалі на аглядным экскурсіі па горадзе, у музеі гісторыі і культуры Наваполацка, наведалі памятны знак у гонар першабудаўнікоў горада «Першая палатка».
Многае здзівіла і ўразіла на прадпрыемстве «Біямехзавод бытавых другасродкаў». Дырэктар Сяргей Семянычаў падрабязна распавёў аб лініі па перапрацоўцы ПЭТ-бутэлек, дзе з іх атрымліваюць пластыкавыя шматкі. На прадпрыемстве працуюць 220 чалавек, атрымліваюць добры заробак. У дастатковай колькасці маецца тэхніка, што дазваляе вывозіць другасную сыравіну з любога прадпрыемства, у любой колькасці, а таксама закупляюць яе ў насельніцтва.
Рэдка дзе на сённяшні дзень захаваліся дамавыя камітэты, на якія апіраюцца ў сваёй працы ЖЭСы. А вось у Наваполацку на вуліцы Маладзёжнай (даўжынёй 12 кіламетраў) у дварах дамоў №194 з корпусамі нам паказалі вынікі такога супрацоўніцтва: тэрыторыя ўпрыгожана рознымі клумбамі, нечаканымі элементамі добраўпарадкавання. Ёсць «разумны» тэнісны стол, азёра, прыгожыязаборчыкі, мастацка аформлены ўваходы ў пад'езд, устаноўлена дзіцячае абсталяванне, вакол утульнасць і чысціня.
У завяршэнне такога насычанага мерапрыемства начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Генадзь Ягорава прапанаваў яго ўдзельнікам абмяняцца думкамі. Усе былі адзінадушныя ў тым, што такія творчыя летучкі даюць магчымасць пазнаёміцца з вопытам калег, запазычыць новае для сябе, зверыць свае напрамкі ў рабоце з патрабаваннямі і стаяць задачамі. І што не менш важна, пагутарыць кіраўнікам СМІ, намеціць шляхі узаемавыгаднага супрацоўніцтва.
Ніна Тулінава, "Віцьбічы". Фота газет "Наваполацк сёння" і "Зара".