Творчыя калектывы з 10 краін прымуць удзел у фестывалі "Дняпроўскія галасы ў Дуброўне".

Творческие коллективы из 10 стран примут участие в фестивале "Дняпроўскія галасы ў Дуброўне"

 

Творчыя калектывы з 10 краін прымуць удзел у XX Міжнародным фестывалі песні і музыкі Падняпроўя Беларусі, Расіі і Украіны "Дняпроўскія галасы ў Дуброўне". Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Дубровенскім райвыканкаме.

На форум, які пройдзе з 28 па 30 чэрвеня, прыбудуць прадстаўнікі Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Эстоніі, Польшчы, Славеніі. Упершыню ў фестывалі прымуць удзел калектывы і выканаўцы з Турцыі і Румыніі.

Першы фестывальны дзень пройдзе пад знакам 620-годдзя Дуброўна. Будуць арганізаваны канцэртныя, забаўляльныя і спартыўныя праграмы, пройдзе свята народнай кухні, прэзентацыя выставы Юрыя Гаўрына "І краю ў свеце няма даражэй", адбудзецца традыцыйная сустрэча калектываў-удзельнікаў фестывалю каля помніка прыроды "Кіраёўская крыніца". Завершыцца дзень горада музычна-забаўляльнай праграмай.

Урачыстае адкрыццё фестывалю песні і музыкі адбудзецца ў суботу. Запланаваны прэзентацыя калектываў, урачыстае шэсце і цырымонія спуску на ваду вянкоў, адкрыецца выстава, прысвечаная 20-годдзю форуму. Удзельнікі і госці фестывалю пабываюць у мемарыяльным комплексе "Рыленкі", дзе прымуць удзел у мітынгу-рэквіеме.

Асаблівасцю фестывалю ў Дуброўна з'яўляецца тое, што выступленні калектываў-удзельнікаў праходзяць па ўсім раёне. Сёлета будуць задзейнічаны 14 канцэртных пляцовак.

У нядзелю ў Дуброўна адбудзецца кірмаш рамёстваў, удзельнікі фестывалю закладуць ліпавую алею, прысвечаную 20-годдзю фестывалю, пройдуць урачыстым шэсцем па цэнтральнай вуліцы горада. Яркімі акцэнтамі дня стануць гала-канцэрт творчых калектываў-удзельнікаў фестывалю і цырымонія ўзнагароджання. Завершыцца трэці фестывальны дзень феерверкам і начной дыскатэкай.


У горадзе пройдуць дзясяткі мерапрыемстваў, старт якім дасць "Віцебскі вернісаж" на вуліцы Суворава. Тут будзе працаваць выстава-кірмаш работ народных майстроў, мастакоў і выхаванцаў мастацкіх школ. Побач, на вуліцы Талстога, размесціцца выстава-кірмаш устаноў адукацыі.