Творчыя асобы змогуць заявіць пра сябе на новым праекце «Славянскага базару».
Упершыню за ўсю гісторыю «Славянскага базару» ў Віцебску пройдзе фест вулічнага мастацтва «На сямі вятрах». Інтэрактыўныя перформансы, вулічныя прадстаўленні і спектаклі госці фестывалю ўбачаць 10-12 ліпеня, а паўдзельнічаць у гэтых мерапрыемствах змогуць самыя творчыя асобы.
Дырэкцыя фестывалю «Славянскі базар» запрашае вулічныя тэатры, музыкантаў, мастакоў і паэтаў, якія маюць досвед вулічных выступленняў, паўдзельнічаць у свяце вулічнага мастацтва. Для гэтага трэба запоўніць заяўку (дадатак 1, дадатак 2) і выслаць яе разам з промаматэрыяламі ўдзельніка на юрыдычны або электронны адрас арганізатараў. Зрабіць гэта трэба да 5 мая. Удзел у праекце могуць прыняць толькі непаўналетнія.
Па выніках выступленняў у фесце вулічнага мастацтва ўсе галоўныя асобы праекта атрымаюць пасведчанні аб удзеле, а лепшага заахвоцяць спецыяльным дыпломам і правам удзелу ў праекце «На сямі вятрах» у межах ХХV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» ў 2016 годзе. Шчасліўчыка вызначыць экспертны савет, у склад якога ўвойдуць тэатральныя рэжысёры, кампазітары, паэты, менеджэры, прадзюсары, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі.
Месцам правядзення фесту вулічнага мастацтва стануць цэнтральныя плошчы і вуліцы горада – вул. Суворава, вул. Талстога, сквер Маякоўскага, Пушкінскі мост, вул. Пушкіна.
Больш інфармацыі пра правілы ўдзелу, арганізацыю і парадак правядзення новага праекта можна даведацца на сайце фестывалю «Славянскі базар у Віцебску».
Партал ПРОВІЦЕБСК