Тысячы паломнікаў сцякаюцца ў Полацк, каб пакланіцца мошчам прападобнай Ефрасінні Полацкай

4 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Тысячы вернікаў сцякаюцца ў Полацк, каб пакланіцца мошчам прападобнай Ефрасінні Полацкай у дзень яе памяці 5 чэрвеня і прыняць удзел ва ўрачыстасцях, прысвечаных 100-годдзю перанясення мошчаў святой з Кіева ў Полацк, расказалі карэспандэнту БЕЛТА ў Полацка-Глыбоцкай епархіі. У дзень памяці Ефрасінні Полацкай бажэственныя літургіі будуць адслужаны ў Свята-Еўфрасіннеўскім храме і Крыжа-Узвіжанскім саборы Свята-Еўфрасіннеўскага манастыра, а затым паломнікі хросным ходам пройдуць ад Сафійскага сабора да манастыра. Як чакаецца, ва ўрачыстасцях возьмуць удзел члены Сінода Беларускай праваслаўнай царквы на чале з Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, запрошаны таксама высокія госці з Расіі і Украіны. Серыя урачыстых мерапрыемстваў, прысвечаных 100-годдзю перанясення святых мошчаў прападобнай Ефрасінні Полацкай з Кіева ў Полацк, пачалася 1 чэрвеня. У гарадской мастацкай галерэі адкрылася тэматычная фотавыстава "Незабыўныя дні", якая расказала пра падзеі 1910 года, калі ва ўрачыстай абстаноўцы і пры радасці народа мошчы прападобнай Ефрасінні вярталіся ў родны горад. У кінавідэацэнтры "Радзіма" адначасова праходзіў кінафестываль духоўна-патрыятычнай і маральнай накіраванасці. Гістарычнай ролі Ефрасінні Полацкай была прысвечана міжнародная навукова-практычная канферэнцыя. Сёння, 4 чэрвеня, у Сафійскім саборы Полацка адкрыецца фестываль праваслаўнай творчасці.-0-