Тысячы жыхароў і гасцей Віцебска адзначылі 1044-ю гадавіну з моманту заснавання горада
Пачалося свята з прыёму афіцыйных дэлегацый з гарадоў-пабрацімаў з Расіі, Польшчы, Латвіі, Кітая, Балгарыі, рэгіёнаў Беларусі і Віцебшчыны. Старшыня Віцебскага гарвыканкама Віктар Мікалайкін расказаў пра гісторыю, сацыяльна-эканамічнае становішча і культурныя традыцыі горада.
Разам з гасцямі былі ўскладзены кветкі да месца пакарання мірных жыхароў у гады Вялікай Айчыннай вайны каля ратушы і адкрыта скульптура «Віцебскі велікан», прысвечаная самаму высокаму чалавеку на планеце.
Фёдар Махно (1878-1912) нарадзіўся недалёка ад Віцебска ў беднай сялянскай сям'і, яго рост складаў 285 см. У складзе цырка ён падарожнічаў па ўсім свеце, сустракаўся з прэзідэнтам ЗША Тэадорам Рузвельтам.
Гасцей азнаёмілі з экспазіцыяй музея гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча. Першую на тэрыторыі сучаснай Беларусі мастацкую навучальную ўстанову ў 1918 годзе стварыў Марк Шагал. На праспекце Будаўнікоў адбылося адкрыццё манументальна-дэкаратыўнай скульптуры «Лучоса», якая сімвалізуе адну з трох рэк Віцебска.
У парку Фрунзе, на плошчы Тысячагоддзя і каля помніка Альгерду выступалі клубы гістарычнай рэканструкцыі.
На плошчы Перамогі былі прадстаўлены рэтра-аўтамабілі.
Каля Успенскага сабора прайшло свята званцовага звону. Ахвотныя маглі здзейсніць экскурсію па Віцебску на трамваі.
Увечары ў Летнім тэатры адбылося ўрачыстае пасяджэнне і святочны канцэрт «Мой горад – мая любоў!». На галоўнай сцэнічнай пляцоўцы ўшаноўвалі лаўрэатаў прэміі «Віцяблянін года».
Затым на плошчы Перамогі прайшла канцэртна-забаўляльная праграма «Мы славім Віцебск!». Завершыцца дзень феерверкам і светлавым шоу.