У фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" з'явіўся генеральны туроператар
18 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" ўпершыню атрымаў генеральнага туроператара. На конкурснай аснове Віцебскім аблвыканкамам было выбрана турысцка-экскурсійнае прыватнае даччынае ўнітарнае прадпрыемства "Віцебсктурыст" Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, расказала карэспандэнту БЕЛТА генеральны дырэктар прадпрыемства Людміла Сенькоўская.
Вызначэнне генеральнага туроператара дазволіць стварыць канкурэнтаздольны турыстычны прадукт. Генеральны туроператар мае правы забеспячэння турагентстваў аб'ектамі для размяшчэння арганізаваных турыстычных груп, а таксама білетамі на канцэртна-відовішчныя мерапрыемствы для ўключэння ў кошт фестывальных тураў.
Туроператарам распрацавана некалькі дзясяткаў турыстычных маршрутаў, разлічаных на аднадзённае, двухдзённае і трохдзённае прабыванне ў святочным Віцебску. Акрамя наведвання канцэртаў, спектакляў, выстаў арганізатары адпачынку прапануюць пазнаёміцца з самой фестывальнай сталіцай, агледзець яе наваколлі, даведацца больш пра людзей, якія тварылі ў гэтым дзіўным краі, і нават паспрабаваць "Віцебск са смакам кавы" - гэты маршрут пройдзе па самых вядомых у горадзе кавярнях. Некаторыя туры аб'яднаны агульнай з канцэртамі тэматыкай. Напрыклад, маршрут "Дзве сястры", як і аднайменная песня, прысвечаны Беларусі і Расіі і раскажа пра гісторыю двух суседніх гарадоў - Віцебска і Смаленска.
Як абяцае генеральны туроператар, у дні фестывалю ў яго партнёраў не будзе праблем з размяшчэннем. Да паслуг турыстаў - камфартабельная турыстычная база "Лосьвіда", размешчаная за 28 км ад абласнога цэнтра на беразе возера.-0-