У кожнай вёсцы Віцебскай вобласці з'явіліся шэфы

28 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Прэзідыум Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў і Віцебскі аблвыканкам прынялі пастанову "Аб добраўпарадкаванні сельскіх населеных пунктаў Віцебскай вобласці", якой замацавалі прадпрыемствы і арганізацыі Віцебска, Оршы, Наваполацка, Полацка за вёскамі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў абласным Савеце дэпутатаў. Найбольш буйныя вёскі, іх у вобласці звыш 500, атрымалі шэфы са складу прадпрыемстваў, якія працуюць у гарадах. Астатнія сельскія населеныя пункты (больш за 5,6 тыс.) - са складу раённых прадпрыемстваў і арганізацый. Напрыклад, у вёскі Крупеніна шэфам стала ААТ "Вістан". ААТ "Нафтан" узяло пад крыло больш за 30 вёсак у Верхнядзвінскім раёне. У адпаведнасці з сумеснай пастановай раённым Саветам дэпутатаў, райвыканкамам, сельвыканкамам трэба будзе распрацаваць і ажыццявіць разам са шэфамі мерапрыемствы па добраўпарадкаванні. Яго абавязковымі пунктамі стануць рамонт і ўтрыманне сельскіх вуліц, вонкавых сетак водаправода, асвятлення, каналізацыі, шахтных калодзежаў, азеляненне тэрыторый, высечка пашкоджаных дрэў, прывядзенне ў парадак прыпыначных пунктаў, фасадаў грамадскіх будынкаў, утрыманне міні-палігонаў цвёрдых бытавых адходаў, навядзенне парадку на вясковых могілках і воінскіх пахаваннях. Шэфы таксама будуць аказваць дапамогу ветэранам, інвалідам, адзінокім старым у добраўпарадкаванні прысядзібных участкаў. Дапамогу ў вырашэнні арганізацыйных пытанняў будуць аказваць абласны і раённыя штабы. Маніторынг выканання планаў па добраўпарадкаванні будзе весціся штомесяц. -0-