У медыкаў Віцебшчыны з'явіліся чатыры сучасныя рэанімабілі
Для Віцебскай вобласці Міністэрства аховы здароўя набыло чатыры выдатна абсталяваных рэанімабіля.
Машыны выраблены на базе "Рэно" і цалкам адпавядаюць усім патрабаванням для перавозкі цяжкіх хворых. Практычна гэта рэанімацыйныя міні-аддзяленні на колах.
Па адной машыне размеркавана ў Полацк, на Віцебскую гарадскую станцыю хуткай і неадкладнай меддапамогі, два рэанімабілі паступілі ў распараджэнне Віцебскага абласнога цэнтра экстраннай медыцынскай дапамогі.
— Машыны прыйшліся як нельга дарэчы, — адзначае загадчык абласнога цэнтра экстраннай меддапамогі Мікалай Петраніс. — Летась нашы спецыялісты па просьбах калег каля 850 разоў выязджалі ў раёны, пракансультавалі ў складаных выпадках больш за 960 пацыентаў, правялі звыш 250 аперацый. Не сакрэт, што часта лёс цяжка хворых людзей залежыць ад кожнай хвіліны, так ці інакш страчанай на дастаўку ў спецыялізаваную ўстанову. Новыя рэанімабілі дапамогуць максімальна эфектыўна выкарыстоўваць усе шансы на захаванне іх жыццяў.
Дарэчы, сёння ў цэнтры экстраннай медыцыны кругласутачна дзяжураць вядучыя спецыялісты дарослай і дзіцячай абласных клінічных бальніц, медыцынскага ўніверсітэта. І хоць колькасць выклікаў у глыбінку год за годам зніжаецца дзякуючы добрай аснашчанасці і кадраваму забеспячэнню рэгіянальных медустаноў, раённыя ўрачы перыядычна маюць патрэбу ў дапамозе высокакваліфікаваных хірургаў, нейрахірургаў, анестэзіёлагаў-рэаніматолагаў, кардыёлагаў і іншых спецыялістаў з абласнога цэнтра.
Цяпер гэтая дапамога стане бліжэй. Тым больш што за тры апошнія гады тэхнічны парк устаноў аховы здароўя Віцебшчыны значна абноўлены — яго папоўнілі прыкладна 100 новенькіх аўто.
Алена Бегунова, "Рэспубліка"