У Наваполацка зьявіўся сербскі горад-пабрацім

У мэтах абмену вопытам, умацавання дружбы і ўзаемаразумення паміж народамі падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве з горадам Крушэвац – буйным прамысловым цэнтрам з багатай гісторыяй і мноствам культурных славутасцяў.

Падчас візіту члены сербскай дэлегацыі наведалі прадпрыемствы і арганізацыі Наваполацка, пераканаліся, што абодвум партнёрам ёсць што прапанаваць адзін аднаму. На афіцыйнай сустрэчы ў гарвыканкаме мэры гарадоў Дзмітрый Дзямідаў і Драгі Нестэравіч выказалі ўпэўненасць у тым, што ўзаемавыгадныя кантакты будуць развівацца ва ўсіх сферах.

Устанаўленне плённых адносін выгадна і людзям мастацтва, і прадстаўнікам бізнесу. Прадугледжана сумеснае правядзенне гандлёвых выстаў і кірмашоў, навуковых семінараў і канферэнцый, моладзевых і спартыўных мерапрыемстваў. Будуць рэалізаваны праекты ў галіне мясцовага самакіравання. Плануюцца абмены групамі школьнікаў і студэнтаў. Цікавасць уяўляе адкрыццё новых турыстычных напрамкаў.

У XIV стагоддзі Крушэвац быў сталіцай Сербіі, ён здзіўляе маляўнічымі краявідамі і цудоўнымі сярэднявечнымі помнікамі часоў заснавальніка горада цара Лазара. Народны музей змяшчае 22 тысячы найцікавейшых экспанатаў. Недалёка размешчаны лячэбныя тэрмальныя крыніцы курорта «Рыбарская баня» – аднаго з самых сучасных СПА-цэнтраў Сербіі. Горад таксама славіцца Днямі тэатра і штогадовым міжнародным фестывалем гумару «Залаты шлем», культурнымі ўрачыстасцямі.

У цэлым у Наваполацка 20 гарадоў-пабрацімаў з 8 краін, у тым ліку два ў Сербіі. Раней былі ўстаноўлены партнёрскія адносіны з гарадской абшчынай Пантэлей г. Ніш.

Ларыса Малашэня, «Віцебскія весці». Фота аўтара.