Ва праваслаўных вернікаў 14 жніўня пачынаецца Успенскі пост
Успенскі пост праходзіць з 14 па 27 жніўня. Гэта апошні з шматдзённых пастоў у годзе. Самы кароткі з усіх пастоў, ён доўжыцца ўсяго два тыдні: пачынаецца бурштынавым Мядовым Спасам, цэнтр яго - Перамяшчэнне Гасподняе, заканчваецца святам Успення Божай Маці. Ён не так строгі, як Вялікі, але больш строгі, чым Пятроўскі і Калядны пасты. У панядзелак, сераду і пятніцу царкоўны статут прадпісвае "сухаядзенне", у аўторак і чацвер - вараную ежу, але без алею. Забараняецца ўжываць усе прадукты жывёльнага паходжання, у тым ліку і рыбу. Рыба дазваляецца толькі ў дзень дванаццатага свята Перамяшчэння Гасподняга 19 жніўня. Паводле царкоўнага статута, раслінны алей належыць у суботы, нядзелі, а таксама ў святочныя дні. Нягледзячы на строгасць, Успенскі пост здаўна лічыўся самым прыемным і лёгкім, таму што аснову постнага стала складаюць маладая бульба, грыбы і садавіна і гародніна, якія паспяваюць у гэты час.
Успенскі пост - адзіны, прысвечаны Багародзіцы. Па царкоўным паданні, Багародзіца даведалася пра час свайго пераходу з гэтага свету, яна рыхтавалася да гэтага пераходу пастом і ўзмоцненай малітвай, хоць і не мела патрэбы ў ачышчэнні душы ці выпраўленні - усё яе жыццё было ўзорам святасці і ахвярнасці. Праваслаўныя пасціцца, пераймаючы подзвіг Прасвятой Багародзіцы, жадаючы хаця б часткова ўпадобіцца яе чысціні, усхваляючы яе. Святы Сімяон Салунскі пісаў, што "пост у жніўні заснаваны ў гонар Багамаці, якая пасцілася, молячыся за нас, калі мела намер перайсці ад зямнога жыцця да будучага".
Успенскі пост, як і любы іншы, мае сваёй мэтай узмацненне духоўнага жыцця. Пост абавязкова павінен спалучацца з малітвай, пакаяннем, барацьбой з грахоўнымі запаламі і звычкамі, а таксама з чыненнем добрых спраў міласэрнасці.
Царква асабліва падкрэслівае, што пост кардынальна адрозніваецца ад вегетарыянства або звычайнай дыеты. Гэта ў першую чаргу ўстрыманне дзеля Хрыста, як у цялесных задавальненнях, так і ў душэўных забавах. Веруючыя стараюцца з дапамогай Божай перамагчы пэўны свой недахоп, вярнуць мір і згоду ў тыя адносіны з бліжнімі, дзе яны страчаны.
Ганна Громака - БЕЛТА