У віцебскага кандытарскага камбіната "Віцьба" з'явіцца філіял у Воршы

У витебского кондитерского комбината "Витьба" появится филиал в Орше

Прадпрыемства "Салодкая краіна", якое знаходзіцца ў Аршанскім раёне, стане філіялам Віцебскага кандытарскага камбіната "Віцьба" сёлета. Адпаведнае рашэнне прыняў аблвыканкам.

"Салодкая краіна" выпусціла першую партыю прадукцыі ў верасні 2014 года.

Гэта адзіны ў рэспубліцы спецыялізаваны вытворца бісквітных рулетаў і пірожных. Прадукцыя арыентавана на тры сегменты рынку - дзіцячы, сямейны, офісны. Адпаведна, рэалізуецца пад трыма рознымі гандлёвымі маркамі.

- Для далейшага больш эфектыўнага развіцця "Салодкай краіны" вырашылі аб'яднаць прадпрыемствы, - адзначыў дырэктар прадпрыемства "Салодкая краіна" Пётр Гішкелюк. - Гэта не толькі адчувальная эканомія на ўтрыманні адміністрацыйнага апарату, лагістычных і маркетынгавых выдатках, але і хуткае прасоўванне прадукцыі да масавага пакупніка.

Сёння аршанскія бісквіты ў асноўным прадаюцца ў Віцебскай вобласці. Плануецца, што дзякуючы рэарганізацыі прадпрыемства рулеты і пірожныя "Салодкай краіны" трапяць на прылаўкі магазінаў па ўсёй рэспубліцы. Адбудзецца гэта праз выбудаваную сістэму размеркавання прадукцыі "Віцьбы".

На аршанскім прадпрыемстве працуюць каля 100 чалавек. Пасля завяршэння працэдуры аб'яднання плануецца нарошчваць вытворчыя магутнасці, пашыраць асартымент, павялічваць колькасць працоўных месцаў.

Ірына Азевіч, "Віцьбічы"