У Віцебскай вобласці і Польшчы няма перашкод, якія б перашкаджалі сябраваць і ўзаемавыгадна супрацоўнічаць - А.Косінец
10 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці і Польшчы няма перашкод, якія б заміналі сябраваць і ўзаемавыгадна супрацоўнічаць. Такое меркаванне журналістам выказаў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец пасля сустрэчы са спікерам Сейма, выконваючым абавязкі прэзідэнта Польшчы Браніславам Камароўскім, які 9 мая позна ўвечары вылецеў з Віцебска на радзіму, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У час гутаркі былі абмеркаваны пытанні эканамічнага супрацоўніцтва, неабходнасць павелічэння таваразвароту. За 2009 год таваразварот паміж Віцебскай вобласцю і Польшчай склаў $67 млн, пры гэтым экспарт - $36 млн, імпарт - $31 млн. Па выніках першага квартала імпарт з Польшчы ў Віцебскую вобласць склаў $6,9 млн, экспарт - $4,6 млн. На думку губернатара, у бакоў ёсць патэнцыял для павелічэння таваразвароту ў тры разы.
На сустрэчы абмяркоўваліся і пытанні стварэння сумесных прадпрыемстваў, развіцця супрацоўніцтва гарадоў-пабрацімаў, умацавання кантактаў у адукацыйнай і культурнай сферах. "У нашых адносінах няма невырашальных праблем, зададзены вектар унушае надзею на эфектыўнае супрацоўніцтва", - лічыць Аляксандр Косінец.
Дэлегацыя Польшчы ў складзе каля 60 чалавек на чале са спікерам Сейма, выконваючым абавязкі прэзідэнта Польшчы Браніславам Камароўскім пасля ўрачыстасцей у Маскве з нагоды 65-годдзя Перамогі накіравалася пад Смаленск ушанаваць памяць загінулых у авіякатастрофе 10 красавіка, а затым вылецела на радзіму з аэрапорта Віцебск. Беларускі бок арганізаваў дастаўку дэлегацыі ад мяжы Расійскай Федэрацыі, максімальна хутка былі праведзены мытныя і памежныя працэдуры.-0-