У Віцебскай вобласці з'явіцца ўласны гербоўнік
20 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Віцебская вобласць будзе мець свой гербоўнік. Кнігу з апісаннем і выявай усіх гербаў адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак рэгіёна рыхтуюцца выдаць архівісты ўжо да канца бягучага года, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення - начальнік аддзела па архівах і справаводстве Віцебскага аблвыканкама Сяргей Рублеўскі.
А сёння ў Віцебску адкрылася першая ў гісторыі рэгіёна выстава гербаў і сцягоў адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак вобласці. На ёй прадстаўлены 63 геральдычныя сімвалы, у тым ліку 37 гербаў населеных пунктаў і раёнаў. Адкрываюць выставу Дзяржаўны герб і сцяг Рэспублікі Беларусь і герб і сцяг Віцебскай вобласці. Першым уладальнікам геральдычных сімвалаў у постсавецкі час у 1994 годзе стаў Полацк. З таго часу гербы і сцягі з'явіліся не толькі ў гарадоў і раёнаў, але нават у вёскі Пераброддзе.
У найбліжэйшы час гербы і сцягі могуць з'явіцца ў пасёлкаў Балбасава і Арэхаўск у Аршанскім раёне, сцяг - у Верхнядзвінска (герб ён атрымаў значна раней), а ў цэлым да канца года геральдычны спіс вобласці папоўняць яшчэ прыкладна 10 сімвалаў.
Як адзначыў Сяргей Рублеўскі, пісьменнае выкарыстанне дзяржаўнай сімволікі мае вялікі выхаваўчы і ідэалагічны эфект. "Цяпер геральдыка стала пісьменна выкарыстоўвацца", - сказаў ён. Напрыклад, цяпер у Віцебску ў дзяржустановах размешчаны тры сцягі: у цэнтры - Дзяржаўны сцяг Беларусі, злева ад яго - сцяг вобласці, а справа - сцяг горада. Гербы абласнога цэнтра і вобласці сталі дарэчна выкарыстоўвацца пры афармленні вышынных будынкаў, на ўездах у горад. -0-